Top.Mail.Ru

У Гродне ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Страшная трагедыя абрынулася 85 гадоў таму на беларускі народ. Нямецка-фашысцкія захопнікі ўварваліся на тэрыторыю СССР. Вераломна, у начны час, без папярэджання. Беларусь смуткуе ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. На Гродзеншчыне жыхары таксама ўшанавалі памяць аб бязвінных ахвярах...



У Гродне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Роўна ў 4:00 каля мемарыяла воінам-пагранічнікам адбыўся мітынг-рэквіем. Ён пачаўся з голасу Юрыя Левітана: «Увага! Гаворыць Масква! ... сёння, у чатыры гадзіны раніцы, без усялякага аб’яўлення вайны, германскія ўзброеныя сілы атакавалі граніцы Савецкага Саюза! Пачалася Вялікая Айчынная вайна!».


Палкоўнік Аляксей Кабяк, часова выконваючы абавязкі начальніка Гродзенскай пагранічнай групы, звярнуўся да прысутных: 

— 85 гадоў таму на граніцы раздаўся першы выбух. Наша гродзенская зямля адчула на сабе жорсткасць ворага. Пагранічнікі Беларускай акругі першымі сустрэлі ворага, праявіўшы мужнасць і адданасць Радзіме. Вайна прынесла нашаму народу трагедыю і генацыд: мільёны ахвяр, спаленыя вёскі, лагеры смерці. Мы абавязаны захаваць памяць аб тых падзеях, абараніць гісторыю і перадаць яе наступным пакаленням.

Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. Затым да мемарыяла ўсклалі кветкі, у тым ліку чырвоныя гваздзікі — сімвал вечнай удзячнасці і павагі.


У другой палове дня каля мемарыяла Шталаг-324, размешчанага ў мікрараёне Фолюш, прайшоў яшчэ адзін мітынг. Гэты лагер смерці дзейнічаў з 1941 па 1943 гады і стаў месцам гібелі больш за 18 тысяч ваеннапалонных Чырвонай Арміі і мірных жыхароў. Удзел у мітынгу-рэквіеме прыняло кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі сілавых ведамстваў, грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў і працоўных калектываў. Таксама да мітынгу далучыліся неабыякавыя жыхары Гродна. Каля памятнага знака «Дрэва жыцця», дзе знаходзяцца месцы масавых пахаванняў, удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі ў знак павагі ўсім ахвярам генацыду.

Дзень усенароднай памяці ў Гродне падкрэсліў важнасць адзінства, нагадваючы аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці для будучых пакаленняў.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ 
Фота «Гродзенскай праўды»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю