Фестываль адкрылі на тэрыторыі Гродзенскага тэатра лялек у цені магутных дрэў. Людзі сталі збірацца задоўга да афіцыйнага старту мерапрыемства, каб заняць лепшыя месцы. У натоўпе ішлі ажыўленыя размовы, побач з дарослымі бегалі дзеці. Уся гэтая ідылія была сагрэта восеньскім сонцам. Лепш сцэны для адкрыцця фестывалю і не прыдумаеш.
Яркі старт мерапрыемству дало тэатралізаванае адкрыццё. Колькі захаплення было ў вачах гасцей! Агеньчык гарэў і ў дарослых, бо ўся гэтая казачная атмасфера асацыюецца з дзяцінствам. Але, як зазначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, у кожнай пастаноўцы падымаюцца сур’ёзныя, філасофскія пытанні, над якімі можна падумаць падчас прадстаўлення і абмеркаваць усё ўбачанае.
— Гэты фестываль важны не толькі для Гродна і нашай вобласці — ён каштоўны для мастацтва ў цэлым. У сучасных рэаліях тэатр лялек не проста выжывае — ён жыве, творыць і развіваецца. Для мяне вялікае значэнне мае тое, што наш Гродзенскі абласны тэатр лялек застаецца сапраўдным заканадаўцам тэатральнай моды. Нас шануюць і на сусветнай арэне: паглядзіце, як цягнуцца да нас іншыя краіны! На гэты раз прыехала трупа з Кітайскай Народнай Рэспублікі паказаць сваё ўнікальнае майстэрства і ў той жа час падглядзець, як развіваецца лялечнае мастацтва ў нашай краіне. У фестывалю «Лялькі над Нёманам» найвышэйшы статус, і нам прынцыпова важна захаваць яго для будучых пакаленняў. Упэўнены, што наш фестываль стане магутнай зыходнай кропкай для многіх творчых калектываў. І для ўсіх нас вялікі гонар, што менавіта Гродна сёння па праве стаў сусветным цэнтрам лялечнага мастацтва.
Як расказала дырэктар Гродзенскага абласнога тэатра лялек Марыя Шабашова, арганізатарамі гэтага маштабнага свята выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны тэатр лялек. Галоўная разыначка і інтрыга гэтага года — калектыў з Кітая — Цэнтральны тэатр марыянетак Цюаньчжоў з правінцыі Фуцзянь.
— Мы спадзяёмся, што праект будзе жыць доўга. Прафесійных тэатраў лялек сёння не так ужо шмат — ёсць нямала аматарскіх. А вось сабраць у адным адносна невялікім горадзе столькі моцных, прафесійных труп з розных краін — гэта каласальная і важная задача. Але галоўны паказчык — гэта, вядома, вар’яцкая запатрабаванасць у гледачоў. На гэты момант амаль усе білеты на спектаклі на нашай сцэне поўнасцю прададзены. Засталося зусім крыху месцаў на дзіцячыя казкі. Ажыятаж вакол кітайскіх артыстаў аказаўся такім, што гродзенцы літаральна ўмольвалі: «Зрабіце яшчэ адзін паказ!». Мы пайшлі насустрач публіцы і арганізавалі для іх дадатковы спектакль. Гэта і ёсць сапраўдны паказчык поспеху нашага тэатральнага форума.
Сярод удзельнікаў фестывалю як бывалыя госці, так і навічкі. Расію прадстаўляюць дзевяць калектываў з Пермі, Махачкалы, Іванова, Разані, Казані, Санкт-Пецярбурга (два тэатры), Волагды і Арэнбурга. З Узбекістана прыедуць калектывы з Джызака і Самарканда.
Рэжысёр і акцёр Джызацкага абласнога тэатра лялек Ташпулат Ісламаў расказаў, што яны прывезлі спектакль «Томоша», што ў перакладзе азначае прадстаўленне. Госць падзяліўся ўражаннямі:
— У Беларусі мы ўпершыню, і Гродна адразу пакарыў нас — мы ўжо паспелі пабываць у замках і музеях. Прывезлі наш фальклорны спектакль-канцэрт «Томоша». Гэта жывы мікс з нацыянальных традыцый, добрага гумару, песень і танцаў, дзе лялькі арганічна суседнічаюць з адкрытым акцёрскім планам. Наш паказ ужо прайшоў, і прыём перасягнуў усе чаканні: гродзенскі глядач з першай хвіліны ўключыўся ў дзеянне, падпяваў і танчыў разам з намі. Такое шчырае яднанне з залай дарагога вартае. Мы шчаслівыя стаць часткай гэтага маштабнага фестывалю і павязём з Гродна самыя цёплыя эмоцыі.
Фестываль праходзіць з 16 да 20 верасня. Арганізатары і ўдзельнікі перакананы, што сустрэнуцца і ў наступным годзе. Так што, калі сёлета вы не паспелі ўрваць білецік, то плануйце на восень паход у тэатр лялек, каб убачыць лялечнае мастацтва іншых краін. Я была як глядач на адным з фестываляў мінулых гадоў, і гэта было неверагодна!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота Гродзенскай праўды