Top.Mail.Ru

У Гродне святкаванне Дня народнага адзінства пачалося з урачыстага мітынгу ля Кургана Славы

У знак памяці і павагі


Дзень народнага адзінства — маладое свята з глыбокай і трагічнай гісторыяй. І па-асабліваму яно адчуваецца ў Заходняй Беларусі, якая ўвайшла ў склад Польшчы па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы. Нягледзячы на маштабную паланізацыю, беларусы захавалі сваю спадчыну і нясуць яе праз гады. 


У Гродне святкаванне пачалося з урачыстага мітынгу, які адбыўся ля Кургана Славы. У знак памяці і павагі кветкі ўсклалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар ПРАНЮК і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена ПАСЮТА, а таксама кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутаты, прадстаўнікі розных ведамстваў, устаноў, прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый. Адным з яркіх момантаў мітынгу стала ўручэнне пасведчання аб прысваенні сярэдняй школе № 8 імя Міхася Васілька. Гэта падзея стала сімвалам увекавечання памяці выдатнага пісьменніка.

Мемарыяльны комплекс узведзены ў гонар савецкіх салдат, партызан і падпольшчыкаў, якія аддалі жыцці ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў памяць аб тых, хто змагаўся за аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Урачыстая цырымонія закладкі Кургана Славы прайшла 17 верасня 1968 года, а яго афіцыйнае адкрыццё адбылося роўна праз год і было прымеркавана да 30-годдзя іх аб’яднання.

Бліжэй да поўдня цэнтр святочнага настрою перамясціўся ва ўрочышча Пышкі. На знакамітай «Сцежцы здароўя» быў дадзены старт традыцыйнаму аматарскаму «Прабегу Адзінства», які сабраў сотні прыхільнікаў актыўнага і здаровага ладу жыцця. Адразу пасля фінішу ўдзельнікаў і балельшчыкаў чакаў святочны канцэрт пад адкрытым небам, які парадаваў гледачоў яркімі творчымі нумарамі гродзенскіх калектываў і выдатнай атмасферай. Там жа разгарнулася інтэлектуальная пляцоўка: знаўцы гісторыі змаглі праверыць свае веды ў інтэрактыўнай тэматычнай віктарыне і атрымаць на памяць сувеніры.

Акрамя таго, у праграме святочнага дня — урачысты мітынг на воінскім пахаванні па вуліцы Перамогі.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю