Top.Mail.Ru

У Гродне вызначылі пераможцу рэспубліканскай алімпіяды «Першая дапамога»

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшла рэспубліканская алімпіяда з выкарыстаннем сімуляцыйных тэхналогій «Першая дапамога». Шэсць каманд з усіх медыцынскіх універсітэтаў нашай краіны змагаліся за перамогу. На працягу двух дзён студэнты паказвалі свае веды і навыкі нават у экстрэмальных умовах.


Як адзначыў першы прарэктар ГрДМУ Андрэй Болтач, выкарыстанне сімуляцыйных тэхналогій — гэта важны крок наперад у падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, здольных хутка і правільна рэагаваць у экстранных сітуацыях. Менавіта таму арганізатары зрабілі тэмай алімпіяды першую дапамогу. Выпадкі бываюць розныя, і ніхто не ведае, з чым можа сутыкнуцца медык. Акрамя таго, алімпіяда дае магчымасць праверыць узровень падрыхтоўкі студэнтаў і іх валоданне практычнымі навыкамі.

У першы дзень спаборніцтваў каманды прэзентавалі сябе ў конкурсе «Візітоўка». Далей адбыўся тэарэтычны тур у фармаце папулярнай інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?», прысвечанай тэме першай дапамогі. А таксама адбыўся тэарэтычны этап, які ўключаў тры блокі. Першы — тэставы кантроль, дзе студэнты адказвалі на пытанні па асновах аказання першай дапамогі і правілах працы з сімуляцыйнымі мадэлямі. Другі блок прадугледжваў напісанне алгарытму выканання канкрэтнай сітуацыі — удзельнікі дэманстравалі ўменне хутка і правільна складаць паслядоўнасць дзеянняў пры розных неадкладных станах. Трэці — рашэнне сітуатыўных задач, якія патрабуюць практычнага прымянення тэарэтычных ведаў.

Асабліва відовішчным атрымаўся другі дзень алімпіяды. Практычная частка складалася з 4 станцый. Станцыя нумар 1 — «Дарожна-транспартнае здарэнне» з 3 пацярпелымі. Па сцэнарыі, у аднаго пацярпелага — клінічная смерць, у другога — адкрыты пералом сцягна, і трэці ўдзельнік ДТЗ — пацярпелая маці з дзіцем. Па сцэнарыі ў немаўля, а гэта манекен, таксама канстатавана клінічная смерць.

— Другая станцыя — «Электратраўма», таксама вельмі актуальная, бо такія траўмы не рэдкасць. Станцыя № 3 — «Аптэчка першай дапамогі». Медыкі, як ніхто іншы, павінны ведаць, чым напаўняецца аптэчка першай дапамогі. І на гэтай станцыі ўдзельнікі павінны былі максімальна хутка і дакладна сабраць аптэчку. Заключная, чацвёртая станцыя — «Першая дапамога пры бытавых сітуацыях». Сюды мы ўключылі праверку прыёму Геймліха, які ўжываецца, калі іншароднае цела трапляе ў дыхальныя шляхі, і бытавыя траўмы — парэз пальца, страта прытомнасці, якія могуць здарыцца з усімі, — распавяла начальнік сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра ГрДМУ Валерыя Буцько.

Дэталізаваны сцэнарый і прапрацоўка кожнага этапу практычнага тура зрабілі яго максімальна набліжаным да рэальных умоў. Апроч практычнай значнасці, арганізатары на кожную станцыю дадалі антураж, дэкарацыі, а пацярпелых пры розных траўмах гулялі студэнты.

Усе каманды выкладаліся поўнасцю, але, як і ў любым спаборніцтве, тут журы таксама вызначыла пераможцу. Ім стала каманда ГрДМУ «Прамедолъ». Другое месца ў каманды «Фенікс» ВДМУ. Трэцяе месца падзялілі каманда «Калібры» ГомГМУ і каманда «Я лячу» ГрДМУ. Дыпломы ўдзельнікаў уручаны камандзе «Сардэчныя хлопцы» БДМУ і «Зоркі жыцця» ГрДМУ.

Арганізатары адзначаюць важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў для павышэння ўзроўню падрыхтоўкі будучых урачоў і фарміравання ў іх упэўненасці ў аказанні першай дапамогі. Выкарыстанне сімуляцыйных тэхналогій робіць навучанне больш эфектыўным і набліжаным да рэальных сітуацый, што асабліва важна ва ўмовах сучаснай медыцыны.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота аддзела па сувязях з грамадскасцю ГрДМУ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю