Вольга і Андрэй Ластоўскія заўсёды любілі жывёл, асабліва коцікаў. Вельмі часта яны ратавалі пушысцікаў, якія траплялі ў бяду, і знаходзілі ім дом. Так што ідэя адкрыць котакафэ «Каціны дом» з’явілася сама сабой. Карэспандэнт «Звязды» зазірнула ў яго.
«Хто там пішчыць?..»
На мой погляд, гэта найперш менавіта дом для коцікаў, якія трапілі ў бяду і шукаюць новую сям’ю. Спачатку ўсе выратавальныя аперацыі і часовае жыллё былі дома ў мужа і жонкі, але ў нейкі момант стала зразумела, што ўсе хвастатыя ў ім не змяшчаюцца. Так было прынятае рашэнне стварыць прастору, дзе гадаванцы змогуць з камфортам жыць і радаваць іншых людзей.
— Усё пачалося 15 гадоў таму з нашай сямейнай гісторыі, — расказвае Вольга. — Мы з мужам толькі што ажаніліся і паехалі дапамагчы маім бацькам у вёску. І, калі працавалі на градках, пачулі пранізлівы піск. Пайшлі глядзець, што там, і знайшлі кацянятка ў бульбе. Яно было зусім маленькае. Суседзі сказалі, што мама-кошка знікла, а без яе малы не выжыў бы. Параіліся з мужам і вырашылі забраць кацяня. У нас ужо была кошка, але мы не маглі пакінуць яго ў бядзе. Планавалі паставіць малога на лапы і аддаць, але прывыклі і не змаглі развітацца. У гэты момант зразумелі, што нам у радасць клапаціцца аб катах. І перыядычна ў нашым доме з’яўляліся пастаяльцы, якіх мы прыстройвалі.
У добрыя рукі
Потым муж і жонка сталі думаць, як зрабіць дапамогу жывёлам цэнтралізаванай. Так і з’явілася котакафэ. Дзякуючы Вользе і Андрэю 57 коцікаў знайшлі свой дом. Цяпер тут у розны час розная колькасць пастаяльцаў. У кожнага свая гісторыя, характар. Усе яны дагледжаныя, з бліскучай поўсцю. Ёсць вельмі таварыскія жыхары, а ёсць і тыя, хто назірае за людзьмі здалёку.
Гаспадары прапануюць гасцям гарбату і каву, якія можна піць з кубкаў, вядома, у котатэматыцы. Пухнатыя ходзяць побач, асабліва цікаўныя заскокваюць на калені, мурчаць. Атрымліваецца кшталту тэрапіі. Пушысцікі вельмі гуллівыя, лёгка ўключаюцца ў актыўныя забавы.
— Гэтае месца мы стварылі для дапамогі жывёлам. Не для заробку — усе сродкі ад уваходных білетаў ідуць на патрэбы коцікаў. Яны да нас трапляюць з вуліцы, праз валанцёраў. Мы ўсіх лечым, стэрылізуем, прывіваем, — тлумачыць Вольга.
Бываюць і незвычайныя гісторыі.
— Аднойчы ездзілі па кошку ў Ліду. Там дзяўчынка спрабавала ўладкаваць жывёлу, але ў яе не выйшла, а бацькі не дазволілі пакінуць дома кацяня, — успамінае гаспадыня. — Наша старажылка Лея ўвогуле з Віцебскай вобласці. Мы адпачывалі ў санаторыі. Вакол лес, і была маленькая вясковая крама, каля якой жыла Лея. Яна была такая худая! Ела ўсё, нават хлеб. Вядома, мы не маглі яе так пакінуць. А за ёю выйшлі... яшчэ пяць кацянят. Прынялі рашэнне забраць усіх. Дзеткам знайшлі сем’і, а мама-кошка засталася ў нас.
Тыя коцікі, што не знайшлі дом, застаюцца ў котакафэ, але, на мой погляд, так і павінна быць, таму што ў іх ува ўсіх свая роля. Туман сапраўдны лідар, ён атрымаў пасаду дырэктара, у яго нават ёсць працоўная кніжка. А вось Тайгер сапраўдны котанянь, ён дапамагае адаптавацца новым пастаяльцам, а кацянят вучыць прамудрасцям кацінага жыцця.
«Маё апірышча»
Вольга падкрэслівае, што ў клопаце пра чатырохногіх сяброў яна заўсёды знаходзіла пазітыўныя эмоцыі, а ў цяжкі момант яны сталі для яе выратаваннем. Наогул, мая суразмоўніца па адукацыі юрыст, яна дацэнт і кандыдат юрыдычных навук, шмат гадоў працавала ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Але з-за хваробы ёй прыйшлося пакінуць працу.
— На прагулцы прычапіўся клешч. Наступствы былі сур’ёзныя, я год не магла хадзіць, вельмі доўга аднаўлялася, і каты мне вельмі дапамагалі спраўляцца. Ведаеце, сімптаматыка можа быць не адразу.
Я пасля ўкусу прыняла ўсе неабходныя меры. А сімптомы пачалі выяўляцца праз пару гадоў, і спачатку лекары не маглі зразумець, у чым справа. Таму вельмі важна апрацоўвацца спецыяльнымі сродкамі, уважліва сачыць, — перасцерагае Вольга.
Але, зразумела, нягледзячы на ўсе плюсы такой валанцёрскай дзейнасці, гэта няпростая справа. У кожнай жывёлы — свой характар. На жаль, атрымліваецца выратаваць не ўсіх, здараецца, каты вельмі сур’ёзна хварэюць.
Вольга і Андрэй перакананыя, што ўсё гэта не дарма. Нават калі адзін коцік знойдзе дом — ужо перамога. І гэта важна, тым больш амаль 60 пушысцікаў ужо знайшлі сем’і, дзе іх любяць.
Патрапіць у котакафэ можна па папярэднім запісе. А ў падарунак катам можна прынесці цацкі, корм, напаўняльнік.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара і Вольгі ЛАСТОЎСКАЙ