У Галоўным упраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама адзначылі, што класічную стапедапластыку пры отасклерозе, пры якім слыхавая костачка-стрэмечка страчвае рухомасць, у клініцы выконвалі і раней, аднак менавіта сучасны лазерны апарат дазволіў падняць яе на новы ўзровень.
Каб замяніць пашкоджанае стрэмечка на мікрапратэз, патрабуецца выканаць доступ да яго праз вонкавы слыхавы праход. Традыцыйна для гэтага выкарыстоўвалі мікраскоп і хірургічны мікраінструмент. Па новай тэхналогіі шлях да стрэмечкі пракладваецца лазерам. Потым у адпаведнасці з зададзеным дакладным памерам (а гэта дзясятыя долі міліметра) лазер аўтаматычна выконвае роўную адтуліну, у якую і ўстаўляецца пратэз. Важна, што выдаляецца так званы чалавечы фактар, а гэта азначае, што максімальна памяншаецца верагоднасць ускладнення.
Кіраўніком навукова-клінічнага аддзела отарыналарынгалогіі і вочных хвароб універсітэцкай клінікі, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам ГрДМУ Алегам Хоравым і яго калегамі ўжо выканана некалькі паспяховых аперацый лазернай стапедапластыкі па аднаўленні слыху пацыентам, якія пакутуюць на отасклероз. Такая дапамога актуальная: захворванне, паводле міжнародных ацэнак, сустракаецца ў аднаго чалавека са ста, прычым пакутуюць пераважна жанчыны.
Як паказаў доктар медыцынскіх навук, лазерная хірургія ў отарыналарынгалогіі ўпэўнена становіцца альтэрнатывай традыцыйным падыходам дзякуючы цэламу шэрагу сваіх пераваг. Яна забяспечвае ЛОР-урачам высокую дакладнасць, неабходную пры рабоце ў вузкіх і складана ўстроеных абласцях з багатай сеткай крывяносных сасудаў. Такую аперацыю ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы пачалі выконваць першымі ў краіне.
Сфера практычнага прымянення хірургічнага лазера ў аддзяленні павялічваецца. Асвоены і ўжо пастаўлены на паток аперацыі на галасавых звязках пры розных утварэннях, у тым ліку пры дабраякасных пухлінах.