У цэнтры ўвагі былі пытанні сумеснай работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання па ўстойлівым развіцці сельскіх тэрыторый Гродзенскай вобласці.
Перш чым прыступіць да абмеркавання, удзельнікі сесіі адправіліся на свае вочы ўбачыць, як жыве раён. Дэпутаты наведалі швейны цэх ААТ «Світанак» у аг. Геранёны. Яны высока ацанілі ўзровень арганізацыі вытворчасці, якасць сучаснага абсталявання і прафесіяналізм супрацоўнікаў, што дае магчымасць прадпрыемству эфектыўна канкурыраваць на рынку. Адметна, што менавіта гэты філіял у Геранёнах займаўся пашывам падарункавых маек з лозунгам «Мой голас першы!», якія выкарыстоўваліся падчас прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь у лютым бягучага года. Нягледзячы на тое, што большая частка насельніцтва пражывае ў сельскай мясцовасці, тут стараюцца, каб і прамысловасць мела кропкі росту. Працуе «Рэсайклінг Пласт» па перапрацоўцы палімерных адходаў, створанае ў 2023 годзе ў рамках ініцыятывы «Адзін раён— адзін праект». Працуе філіял прадпрыемства «Людміла», дзе выпускаюць галаўныя ўборы.
Дэпутаты ацанілі якасць працы сістэмы аховы здароўя, узровень гандлёвага абслугоўвання. Увага была пільная. Таксама было падкрэслена значэнне падтрымкі айчынных вытворцаў і забеспячэнні жыхароў якаснай і даступнай ежай.
Акрамя таго ў Геранёнах урачыста адкрылі сучасную шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку, у рамках рэспубліканскага праекта «Спорт для ўсіх». Гэты аб’ект з’яўляецца сапраўдным падарункам для ўсіх жыхароў аграгарадка, даючы ім магчымасць займацца спортам круглы год. На пляцоўцы ўстаноўлена сучаснае абсталяванне для баскетбола, варкаўту і іншых відаў спорту, што робіць яе даступнай для людзей усіх узростаў. Гэта садзейнічае папулярызацыі здаровага ладу жыцця, умацаванню здароўя і развіццю спартыўных навыкаў у мясцовых жыхароў. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутаты, спартсмены і жыхары аграгарадка.
Паспяхова рэалізуюцца праекты ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Так у 2021 годзе было распачата добраўпарадкаванне пустыня паблізу касцёла Святога Казіміра. Работы былі прадоўжаны і ў гэтым годзе, была пададзена яшчэ адна заяўка, накіраваная на далейшае ўдасканаленне аб’екта. Праект паспяхова прайшоў адбор і атрымаў сродкі на яго рэалізацыю. Як адзначыла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, дзяржава прыкладае вельмі шмат намаганняў для таго, каб мінімізаваць разрыў якасці жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва.
— Іўеўскі раён быў абраны не выпадкова для правядзення сесіі. Насельніцтва раёна складае каля 18000 чалавек, 10000 з іх пражывае ў сельскай мясцовасці. У раёне ствараюцца камфортныя ўмовы для жыцця, работы і адпачынку, у тым ліку будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў, ідзе добраўпарадкаванне аграгарадкоў, а таксама адкрываюцца дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Маладыя спецыялісты, якія прыязджаюць на працу, дарэчы, атрымліваюць доступ не толькі да льготнага жылля, але і ўмоў для маральнага і матэрыяльнага росту.
У ходзе абмеркавання пытанняў развіцця сельскіх тэрыторый у Іўеўскім раёне, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання падкрэслілі важнасць комплекснага падыходу да вырашэння пытанняў рознага ўзроўню. Старшыня Іўеўскага райвыканкама адзанчыў:
— Наша галоўная задача — стварыць камфортныя ўмовы для жыцця людзей, асабліва ў сельскіх населеных пунктах. Прычым не важна колькі ў той ці іншай вёсцы пражывае людзей. Але нягледзячы на працу дзяржавы, актыўны ўдзел людзей у грамадскім жыцці адыгрывае ключавую ролю ў паспяховым развіцці рэгіёна. Рабіць усё разам. Калі на пачатку хтосьці не вельмі актыўны быў, то пасля таго як людзі ўбачылі, што ўвесь райвыканкам выходзіць добраўпарадкаваць тэрыторыю, таксама далучыліся. Напрыклад, спартыўная пляцоўка ў Геранёнах. На этапе залівання падмурка ў працы прымалі ўдзел многія жыхары горада, — расказаў старшыня.
Мне давялося апошнім часам стаць удзельнікам падобных мерапрыемстваў у розных раёнах Гродзенскай вобласці. Па абавязку працы прыглядаюся і слухаю. І бачу, наколькі неабыякавы дэпутацкі корпус. Кожны занясе, чым жыве яго рэгіён, якія пытанні хвалююць грамадзян, прадстаўнікі ўлады расказваюць аб тым, чаго ўдалося дасягнуць, што яшчэ трэба зрабіць. А грамадзяне не баяцца звярнуцца за дапамогай і парадай, і раней такой цеснай сувязі на мой погляд не было.
Пасля выязных мерапрыемстваў адбылася сама сесія, дзе дэпутацкі корпус абмяняўся інфармацыяй па ключавых сферах жыццядзейнасці. У заключэнне, можна сцвярджаць, што дэпутацкі кантроль служыць дзейсным механізмам для развіцця тэрыторый, спрыяючы хуткаму выяўленню праблем і пошуку іх рашэнняў. Дэпутат — гэта злучнае звяно, якое можа з’яднаць вакол сябе людзей.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота аўтара