Абмен вопытам і новыя ідэі.
Семінар быў накіраваны на абмен досведам, а таксама быў закліканы дапамагчы наладзіць больш цесныя сувязі паміж раёнамі. Вельмі важна, каб пазітыўныя практыкі распаўсюдзіліся па ўсёй вобласці. Вопытам з калегамі дзяліліся прадстаўнікі Бераставіцкага раёна. Удзельнікі наведалі некалькі аграгарадкоў і паглядзелі, як там жывуць людзі. Семінар прайшоў пад кіраўніцтвам старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты.

Бераставіцкі раён невялікі, і гэтая кампактнасць дазваляе аператыўна вырашаць пытанні, звязаныя з жыццезабеспячэннем насельніцтва, якое складае больш за 14 000 чалавек, з іх 8 000 — сельскае насельніцтва. Напрыклад, усе медыцынскія аб’екты, уключаючы амбулаторыі, размешчаны такім чынам, каб забяспечыць даступнасць меддапамогі. Самы аддалены населены пункт знаходзіцца ў радыусе 7 кіламетраў ад найбліжэйшай амбулаторыі. У кожнай установы ёсць машына, якая забяспечвае мабільнасць медыцынскіх працаўнікоў. Адным з прыярытэтаў з’яўляецца развіццё сельскай сферы. Работа ідзе не толькі самімі гаспадаркамі, але і ў цэлым накіравана на папулярызацыю прафесіі. У школах адкрыты аграрныя класы, вядзецца прафарыентацыйная работа сярод школьнікаў. Гэта дапамагае прыцягнуць моладзь да работы ў вёсцы.

Работа семінара пачалася ў Малой Бераставіцы з досведу добраўпарадкавання. І тут ёсць чаму павучыцца. Я сама родам з гэтага аграгарадка, і мне ёсць з чым параўнаць. Школу я скончыла ў 2013 годзе. Калі з’яжджала ў Гродна на вучобу, падумаць не магла, што малая радзіма так зменіцца. Было чыста, але на месцы акультуранай даліны з ракой быў густы бур’ян, а рэчку трэба было па камянях пераходзіць. На месцы парка перад канторай развівалася балота, на якім каровы пасвіліся. А сёння тут такая прыгажосць і ўсё па-сучаснаму.

— Мы надаём вялікую ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторыі, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Павел Панкевіч. — Комплексны падыход дае магчымасць ствараць зоны адпачынку, аб’яднаныя агульнай канцэпцыяй. Гэта спрыяе фармаванню эстэтычнага густу ў насельніцтва і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. У Малой Бераставіцы лакаматывам з’яўляецца Малабераставіцкая элітгас. Гаспадарка робіць вельмі шмат для развіцця аграгарадка і ўкладае каласальныя сродкі.
Удзельнікі семінара падрабязна пазнаёміліся з работай амбулаторыі, якая таксама прыемна здзівіла. Не абышлі бокам і аб’екты гандлю, звярнулі ўвагу на бытавое абслугоўванне насельніцтва, зайшлі ў атэль і зазірнулі ў школу. І ўсюды было відаць, наколькі людзі шануюць свой дом. На кожнай лакацыі мясцовыя расказвалі, як яны працуюць, што было зроблена за апошнія гады, як змянілася іх жыццё. І можна было б сказаць, што вось спецыяльна падрыхтаваліся. Але я бачыла, якой была Малая Бераставіца раней, бо я 11 гадоў тут жыла. Так што пазітыўны настрой людзей абсалютна зразумелы.

Далей семінар адправіўся ў Алекшыцы. Удзельнікам расказалі аб тым, чым жыве населены пункт, аб вельмі важным для раёна месцы — аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бераставіцкага раёна. Тут у клопаце і ўтульнасці жывуць людзі, якія па самых розных прычынах не могуць быць дома, ёсць адзінокія. Кожны атрымлівае не толькі годны ўзровень жыцця, але і ўвагу.

У Вялікіх Эйсмотах удзельнікі семінара таксама азнаёміліся з добраўпарадкаваннем, медыцынскім абслугоўваннем, гандлёвымі аб’ектамі і з прадпрыемствам бытавога абслугоўвання насельніцтва. Тут таксама ўсюды чысціня і прыгажосць. Шмат было зроблена дзякуючы маладой традыцыі. Штогод раённыя «Дажынкі» праходзяць у розных населеных пунктах. Летась яны адбыліся ў Вялікіх Эйсмотах. Многае было зроблена ў рамках падрыхтоўкі да падзеі. Але, як зазначае кіраўніцтва Бераставіцкага раёна, работа па добраўпарадкаванні і паляпшэнні жыцця насельніцтва вядзецца на пастаяннай аснове.

Такія вынікі сталі магчымы дзякуючы зладжанай працы райвыканкама і дэпутатаў. Тут гэтыя дзве галіны ўлады працуюць у цесным супрацоўніцтве, падтрымліваюць адна адну і знаходзяць шляхі вырашэння праблем. І гэта не пустыя словы, вынік бачны пры наведванні раёна. Як адзначыла старшыня аблсавета Алена Пасюта, Саветы дэпутатаў павінны выступаць арганізатарамі работы, дапамагаць і накіроўваць, прытрымлівацца сістэмнага падыходу ў працы.
— Людзі ў прыярытэце, нельга быць абыякавымі. Калі мы стараемся для насельніцтва, яно адчувае наш клопат і глядзіць на свет па-іншаму. Таму трэба абавязкова прысутнічаць на кожнай планёрцы, слухаць, уносіць прапановы, абмяркоўваць. Вядома, усё павінна рабіцца па-дзелавому, праз камунікацыю і сяброўства. І добры ўзровень жыцця заўсёды будзе там, дзе райвыканкам і мясцовыя Саветы працуюць разам, — адзначыла Алена Пасюта. — Але пры гэтым трэба абавязкова і насельніцтва прыцягваць да працы, каб людзі таксама прымалі ўдзел у тым жа добраўпарадкаванні. Бо калі кожны будзе падрымліваць парадак, тое што робіцца, будзе захавана на доўгія гады. Таму ў гэты ланцужок абавязкова трэба падключаць і насельніцтва.
Старшыні ацанілі тую працу, якая робіцца ў Бераставіцкім раёне. Многія адзначылі, што возьмуць нейкія фішкі на заметку. Завяршыўся семінар пленарным пасяджэннем, дзе ўдзельнікі змаглі падзяліцца меркаваннямі і задаць пытанні.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота аўтара