Цэнтральным месцам правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў стаў палацава-паркавы комплекс «Свяцк» — унікальны помнік архітэктуры XVІІІ стагоддзя. У рамках маштабнай праграмы ў гістарычным комплексе адбылася сустрэча членаў Савета Рэспублікі папярэдніх скліканняў.
Такія сустрэчы паспяхова прайшлі ў Брэсцкай і Мінскай абласцях, а сёння эстафету прыняла Гродзенская зямля. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава выказала глыбокую ўдзячнасць парламентарыям першых скліканняў, на чые плечы лягла складаная місія — закладваць заканадаўчую базу фактычна з нуля:
— Тады не было нічога, рашэнні даводзілася прымаць аператыўна і максімальна выверана. Першым скліканнем была праведзена неверагодная і эфектыўная работа — прыняты адразу 18 базавых кодэксаў. Тады, на світанку незалежнасці, трэба было старанна прадумваць кожны крок. І ў нашых калег усё атрымалася.
Наталля Качанава падкрэсліла, што поспех дзяржаўнага будаўніцтва стаў магчымы дзякуючы дальнабачнасці нашага Прэзідэнта.
Спікер адзначыла, што кіраўнік дзяржавы прыняў абсалютна правільнае, мудрае і стратэгічнае рашэнне. Будучы ў свой час дэпутатам, Аляксандр Лукашэнка выдатна бачыў знутры работу Вярхоўнага Савета і разумеў неабходнасць змянення структуры заканадаўчай улады. Яна павінна была быць накіравана выключна на карысць краіны і людзей. Беларускі народ на рэферэндуме падтрымаў ініцыятыву Прэзідэнта, у выніку чаго з’явіўся двухпалатны парламент.
— Наш Прэзідэнт заўсёды акцэнтуе ўвагу на тым, як важна, каб заканадаўчая ўлада ў краіне заставалася моцнай. Каб заканадаўцы жылі праблемамі рэгіёнаў, не былі адарваныя ад зямлі і ад народа. І нам удалося гэтага дасягнуць. Улада ў нашай краіне — народная, а значыць, і парламент іншым быць проста не можа, — рэзюмавала спікер Савета Рэспублікі.
Спадчына і будучыня
Асноўным элементам праграмы стаў сімвалічны праект «Цягнік успамінаў», падчас якога ўдзельнікі разгледзелі ключавыя этапы станаўлення дзяржаўнасці, падвялі вынікі трыццацігадовай дзейнасці інстытута тэрытарыяльнага прадстаўніцтва і ўшанавалі памяць выдатных дзеячаў і герояў Гродзенскага рэгіёна.
Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта адзначыла, што ў Гродзенскай вобласці шануюць памяць тых, хто ўносіў уклад у развіццё нашай краіны на працягу ўсіх гэтых 30 гадоў. Ніводнае імя не забыта, і цяперашнія народныя выбраннікі працягваюць традыцыі народаўладдзя і прыносяць новыя ідэі.
Парламентарыі цяперашнія і папярэдніх скліканняў з радасцю дзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі. Работа ў Савеце Рэспублікі і ў цэлым дэпутацкая дзейнасць — гэта вельмі адказна. Меркаваннем аб заканатворчай практыцы падзялілася член Савета Рэспублікі шостага склікання Інеса Белуш, цяпер старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў.
На яе думку, у тэксце любога нарматыўнага акта прынцыпова важная кожная дэталь і нават коска, бо ад аднаго знака залежыць, як норма будзе працаваць у будаўніцтве, эканоміцы або навядзенні парадку на зямлі, і наколькі яна аблегчыць жыццё грамадзянам і прадпрыемствам. Закон працуе эфектыўна тады, калі парламентарыі прапускаюць яго праз уласны «зямны» практычны вопыт. Менавіта таму парламент павінен заставацца шматпрофільным, каб народныя выбраннікі з розных сфер дасканала разумелі рэальныя праблемы рэгіёнаў.
— За 30 гадоў у Беларусі створана моцная прававая база — у краіне забяспечана вяршэнства права, што дазволіла ліквідаваць карупцыйныя рызыкі і дэструктыўныя працэсы, якія сёння літаральна раз’ядаюць многія дзяржавы. Беларусь застаецца адкрытай і імкнецца падтрымліваць добрыя адносіны з іншымі краінамі нягледзячы ні на што, — адзначыла Інеса Белуш.
Вопыт членаў Савета Рэспублікі розных скліканняў унікальны і вельмі карысны для сучаснай заканатворчай дзейнасці, лічыць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўны ўрач Гродзенскага абласнога кардыяцэнтра Андрэй Янушка. Ён падкрэсліў, што ў верхняй палаце парламента выбудавана эфектыўная сістэма: рэгулярныя выезды ў рэгіёны і прамая сувязь з выбаршчыкамі даюць магчымасць аператыўна накіроўваць запыты з месцаў у профільныя камісіі для карэкціроўкі законаў. «Не сваіх» пытанняў у парламентарыяў быць не можа, і сенатары гатовы дапамагаць грамадзянам у любой жыццёвай сітуацыі.
— Прыемна бачыць калег з іншых скліканняў, абмяняцца досведам, успомніць. Бо ўсе мы з рознага часу, але пры гэтым у парламентарыяў заўсёды адна мэта — працаваць на карысць грамадзян, — падкрэсліў Андрэй Янушка.
Важным сімвалічным момантам мерапрыемства стала цырымонія звароту да будучых пакаленняў. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў сумесна замацавалі сваімі подпісамі тэкст памятнага паслання будучым парламентарыям.
Пасля падпісання гістарычны дакумент запячаталі ў капсулу часу і перадалі на захоўванне дырэктару Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрыю Кітурку. У музейных фондах рэліквія будзе беражліва захоўвацца да знамянальнай даты — 2050 года, калі будучыя парламентарыі адкрыюць капсулу і зачытаюць зварот сваіх папярэднікаў.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА