Унікальны праект «Стары горад»
У агратурыстычным комплексе «Каробчыцы» хутка з’явіцца новая эмацыйная прастора, аналагаў якой няма ва ўсёй Беларусі. Гаворка ідзе аб праекце «Стары горад» — вуліцы, якая адновіць атмасферу страчанага Гродна.
На тэрыторыі ад дзіцячай пляцоўкі да дэндрапарку вырасце працяглая вуліца даўжынёй каля 150-160 метраў. На ёй з’явяцца будынкі, якіх больш не знайсці на карце сучаснага Гродна: ратуша, друкарня, лячэбны кабінет, вакзал, фотаатэлье, рыцарская школа і іншыя. Усяго плануецца каля дзясятка будынкаў. Яны будуць не поўнапамернымі, але пры гэтым не стануць карыкатурнымі копіямі, а перададуць дух старога горада, у які захочацца вяртацца зноў і зноў.

Важна адзначыць, што «Стары горад» — гэта не музей пад адкрытым небам, а менавіта новая інтэрактыўная прастора з максімальнай колькасцю аб’ектаў, з якімі можна ўзаемадзейнічаць. Акрамя таго, плануецца стварэнне этнаграфічнага комплексу з трох традыцыйных будынкаў — пякарні, дома ткача і ганчара. Гэта дазволіць не толькі ўбачыць, але і адчуць, як жылі людзі ў мінулым, якія рамёствы былі распаўсюджаны. Праект «Стары горад» абяцае стаць папулярным месцам для наведвання сярод турыстаў і жыхароў рэгіёна. Ён дазволіць ім лепш даведацца пра гісторыю і культуру Гродна, а таксама правесці час ва ўнікальнай атмасферы мінулага.
Як расказала намеснік старшыні камітэта па эканоміцы Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева, праект накіраваны на павышэнне турыстычнай цікавасці да рэгіёна. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што неабходна працаваць над павелічэннем укладу турызму ў ВУП краіны, павышаць рост турыстычнага патоку і экспарту турыстычных паслуг.

— «Стары горад» стане новай нішай на турыстычнай карце Беларусі, прапануючы ўнікальныя магчымасці для адпачынку і пазнавальнага турызму. Гэты аб’ект улічвае пажаданні аўдыторыі ў залежнасці ад узросту і інтарэсаў. Акрамя таго, праект дапаможа знізіць фактар сезоннасці ў агракомплексе і прыцягнуць турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Гродна. Канцэпцыя праекта і аблічча будынкаў былі распрацаваны на аснове навуковых даследаванняў, якія правялі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Замоўцам праекта выступае Гродзенскі мясакамбінат. Як адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара Мікалай Шэшко, кошт праекта значны, перавысіў палову ўсіх інвестыцыйных планаў прадпрыемства на бягучы год. Аднак ён вельмі цікавы і мае шырокія перспектывы. Да таго ж тэрыторыя абапал вуліцы таксама атрымае абнаўленні, напрыклад з’явіцца сучасная дзіцячая зона.
Верніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота «Гродзенская праўда»