У Гродзенскай вобласці ў кастрычніку правядуць 17 электронных кірмашоў вакансій. Пра гэта паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама.
«Свае вакансіі 9 кастрычніка прадставяць прадпрыемствы Гродзенскага раёна, 15 кастрычніка — Воранаўскага, Карэліцкага, Мастоўскага і Навагрудскага раёнаў, 16 кастрычніка — Дзятлаўскага. Электронныя кірмашы вакансій пройдуць 21 кастрычніка ў Ваўкавыскім раёне, 22 кастрычніка — Слонімскім і Шчучынскім, 23 кастрычніка — у Іўеўскім, Свіслацкім раёнах і Гродне», — расказалі ў профільным камітэце.
Там дапоўнілі, што 26 кастрычніка свае вакансіі прадставяць прадпрыемствы і арганізацыі Лідскага раёна, 27 кастрычніка — Ашмянскага, 28 кастрычніка — Бераставіцкага, Зэльвенскага і Смаргонскага раёнаў.
Падчас кірмашоў суіскальнікі і наймальнікі будуць кантактаваць праз спецыялізаваны сайт e-vacancy.by. Суіскальнікі азнаёмяцца з вакансіямі, рэжымам і ўмовамі працы, змогуць задаць пытанні, накіраваць рэзюмэ, атрымаць электронную кансультацыю па працаўладкаванні, запрашэнне на сумоўе. Па заканчэнні мерапрыемстваў усе актуальныя прапановы будуць аўтаматычна перанесены ў агульнарэспубліканскі банк вакансій на партале дзяржаўнай службы занятасці.