У Гродзенскай вобласці прайшла першая міжрэгіянальная сесія дэпутатаў «Устойлівае развіццё вёскі — паспяховая будучыня краіны»
Прадстаўнікі Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей сабраліся ўпершыню ў такім фармаце, каб заключыць пагадненні і абмяняцца вопытам. Дэпутаты Гродзеншчыны паспяхова працуюць з замежжам, падпісана нямала дагавораў аб супрацоўніцтве, напрыклад з Ніжагародскай вобласцю. Заканамерным стала прымяненне напрацаваных практык і на тэрыторыі Беларусі. Месцам сустрэчы стаў Воранаўскі раён, які выступіў ініцыятарам.
Праграма сесіі «Устойлівае развіццё вёскі — паспяховая будучыня краіны» пачалася з пленарнага пасяджэння, вынікам якога стала падпісанне шэрагу пагадненняў як паміж раённымі Саветамі дэпутатаў, так і сельскімі. Дакументы накіраваны на ўдасканаленне форм работы мясцовага самакіравання. Былі замацаваны дамоўленасці аб узаемавыгадным партнёрстве ў сферы рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў і выхавання патрыётаў ва ўмовах сельскай мясцовасці.
Як расказала старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч, ідэя правядзення такога маштабнага мерапрыемства нарадзілася невыпадкова. Дэпутаты ведаюць адно аднаго, бачацца на сесіях, але цесных зносін няма. А кожны раён унікальны, і можна павучыцца ў калег і падзяліцца сваімі напрацоўкамі. Каб актыўна прымяняць новыя формы работы і прыцягваць людзей у сельскую мясцовасць, неабходна кансалідаваць намаганні. Ініцыятыву Воранаўскага раёна актыўна падтрымаў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў.
— Калегі з іншых рэгіёнаў назапасілі важкі досвед, які будзе карысны, — падкрэсліла Алена Ганевіч.
Міжрэгіянальная сесія стала эфектыўнай пляцоўкай для прэзентацыі найлепшых вынікаў. Воранаўскі раён ахвотна падзяліўся сваімі напрацаванымі практыкамі і гатовы пераймаць досвед калег. Плануецца, што такія сустрэчы стануць рэгулярнымі і будуць праходзіць штоквартальна. Хутчэй за ўсё наступная сустрэча пройдзе ў Брэсцкай вобласці. Задзел ужо зроблены, наперадзе шмат задач, але гэты ўпэўнены крок дасць магчымасць беларускім вёскам развівацца яшчэ больш эфектыўна.
Далей па праграме ў дэпутатаў было наведванне населеных пунктаў Воранаўскага раёна. Госці змаглі ўбачыць на свае вочы тое, аб чым гаварылася на пленарным пасяджэнні. Удзельнікі пазнаёміліся з гарадскім пасёлкам Радунь, звярнулі ўвагу на добраўпарадкаванне і стан дваровых тэрыторый. Далей дэпутаты азнаёміліся з грамадзянскай ініцыятывай «Стварэнне аб’екта масавага адпачынку грамадзян» у аграгарадку Больцішкі, а затым адправіліся ў аграгарадок Доцішкі. Завяршыла насычаны дзень падвядзенне вынікаў, якое прайшло ў Доцішскай сярэдняй школе.

«Мы ўсе робім адну справу»
Было цікава паназіраць за ўзаемадзеяннем дэпутатаў. Складалася ўражанне, што гэта не першая такая сустрэча, бо ўсе адно аднаго разумелі з паўслова. Старшыня Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Брэсцкай вобласці Аксана Высагроцкая адзначыла, што падчас размоў з калегамі прыйшлі да агульнай высновы: трэба актыўна супрацоўнічаць і пераймаць адно ў аднаго лепшыя практыкі.
— Нас выбралі людзі, і мы абавязаныя апраўдваць гэты высокі давер. Наша галоўная задача — рабіць жыццё землякоў больш камфортным, забяспечваць парадак на зямлі, развіваць грамадзянскія ініцыятывы. Трэба рабіць усё для таго, каб любыя стваральныя ідэі ўвасабляліся ў жыццё. Па дарозе на форум мы праехалі тры раёны Гродзенскай вобласці. Як кіраўнік я адразу звяртаю ўвагу на дэталі: як добраўпарадкаваныя могілкі, як вядзецца работа з пустымі дамамі, ці абкошаны дарогі. І тут душа проста цешыцца. Усе тэрыторыі дагледжаныя, стаяць прыгожыя домікі. Я шчыра люблю Гродзеншчыну і ўдзячная мясцовым жыхарам, якія робяць свой край такім чыстым і прыгожым. Усе мы робім адну справу, і з поспехаў кожнага нараджаецца росквіт краіны.
Старшыня Глускага раённага Савета дэпутатаў Магілёўскай вобласці Раман Тычына звярнуў увагу на развітасць міжнародных сувязяў. А вось шырокага міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння паміж раёнамі розных абласцей пакуль, на жаль, мала.
— У кожнага свае падыходы да правядзення мерапрыемстваў, і гэты досвед накладвае свой унікальны адбітак. Перакананы, што размаўляць паміж сабой унутры краіны неабходна. Раёны нашых чатырох абласцей вырашылі аб’яднацца аднымі з першых, каб паказаць: жывыя зносіны — гэта самае каштоўнае. Мы жывём у мірнай, цудоўнай краіне і маем унікальную магчымасць свабодна ездзіць па яе прыгожых мясцінах, любавацца дагледжанымі населенымі пунктамі і пераймаць лепшае. Упэўнены, гэта ініцыятыва знойдзе свой працяг, і нас чакае нямала адкрыццяў.
Данесці кансалідаваную інфармацыю
Старшыня Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў Мінскай вобласці Канстанцін Пінчук лічыць неабходным дабівацца таго, каб нашы вёскі і аграгарадкі ні ў чым не ўступалі гарадам па сваёй прыгажосці, добраўпарадкаванні і напаўненні. Важна, каб людзі, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, мелі доступ да ўсіх неабходных даброт і адчувалі сябе камфортна.
— Я без разважанняў пагадзіўся далучыцца да сесіі. Падзея сапраўды знакавая, бо мерапрыемства ў такім міжабласным фармаце праходзіць упершыню. Быць тут — дарагога варта, тым больш што на пляцоўцы мы ўжо ўзнялі вельмі важныя тэмы развіцця сельскіх тэрыторый. Напрыклад, падчас дыскусіі калегі правільна адзначылі: у тых аграгарадках, дзе ёсць школы, яны мусяць абавязкова захоўвацца. Бо без школы населены пункт страчвае сваю прывабнасць. Ніхто не паедзе працаваць туды, дзе няма ўмоў для навучання дзяцей. Падобныя праблемы характэрныя не толькі для Воранаўскага раёна, яны актуальныя ў прынцыпе для ўсёй нашай краіны. І мы тут сабраліся якраз для таго, каб абмеркаваць гэтыя вострыя тэмы і сумесна знайсці шляхі вырашэння.
Удзельнікі сесіі ўпэўненыя, што такое супрацоўніцтва абавязкова прынясе карысць. Праз дэпутацкі корпус парламентарыі будуць даносіць кансалідаваную інфармацыю і да выканаўчай улады, каб разам эфектыўна вырашаць пастаўленыя дзяржавай задачы.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота Глускай раённай газеты «Радзіма»