Top.Mail.Ru

У Гродзенскай вобласці прайшоў каравай-фэст «Бацькава булка»

Мір пахне хлебам

Самы малады фестываль Беларусі сабраў гасцей з усёй краіны! Нягледзячы на сваё юнацтва, ён вядомы далёка за межамі Свіслачы і паспеў палюбіцца многім. Першы фестываль адбыўся па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі пасля візіту на мясцовую пякарню ў 2021 годзе. Ужо пасля першага фестывалю стала зразумела, што ён стане традыцыйным.

Гасцінная свіслацкая зямля сардэчна сустрэла ўдзельнікаў і гасцей фестывалю неверагодным водарам свежага хлеба. Гэты пах асацыюецца з мірам, хатняй утульнасцю і сям’ёй. Людзі з вялікай цікавасцю хадзілі паміж пляцоўкамі, размаўлялі, спрабавалі вырабы, дзяліліся думкамі і, вядома, рэцэптамі. Усюды панавала натхненне і радасць сустрэчы.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў адзначыў, што па ўсёй Гродзенскай вобласці праходзяць цікавыя брэндавыя мерапрыемствы, кожнае ўнікальна і цікава па-свойму.

— Гэтая выдатная падзея аб’ядноўвае нас усіх — і гараджан, і вяскоўцаў. Я рады бачыць, як шмат людзей цікавіцца традыцыямі. Мы ўсе ведаем, як важна захоўваць і перадаваць гісторыю з пакалення ў пакаленне. Гэта вельмі важна для разумення нашага мінулага і гонару за сучаснасць. Дзякуй арганізатарам за іх працу і неабыякавасць. Асобныя словы падзякі адрасую кіраўніцтву раёна за дапамогу ў правядзенні гэтай выдатнай падзеі. Давайце разам захаваем і перададзім будучым пакаленням нашы традыцыі і гісторыю!

Штогод арганізатары выбіраюць галоўную тэму фестывалю. У гэтым годзе ён прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. А старт фестывалю дало ўрачыстае адкрыццё «З вайны спяшаўся зноў дадому салдат і рупны гаспадар». І калі па сканчэнні вайны пах пораху і крыві змяніўся водарам хлеба, пачалася новая эра ў жыцці беларусаў, якія жорстка пацярпелі ад вайны. Тэма Перамогі прысутнічала не толькі ў розных аспектах мерапрыемства, але і на асобнай пляцоўцы пад назвай «Ваенны прывал». Тут былі арганізаваны выставы, патрыятычныя гульні і пачастункі.

Многія прыязджаюць на фестываль ужо не першы раз, каб паказаць свае ўменні ў пякарнай справе. Так Вольга Перахвал са Слонімскага раёна тут ужо чацвёрты раз і сёлета прывезла з сабой амаль усю сям’ю:

Вольга Перахвал.jpg

— Мой каравай важыць 32 кілаграмы і складаецца з 5 ярусаў, упрыгожаных дэкорам. Я вельмі ганаруся гэтым вынікам і радая, што змагла зрабіць свой унёсак у агульнае свята. Каравай я пяку па бабуліных рэцэптах. Усе інгрэдыенты — хатнія: пшаніца, малако, алей і яйкі. Гэта надае караваю асаблівы смак і водар. Працэс прыгатавання займае каля тыдня. Я замешваю цеста ўручную, дадаю свае разыначкі і ўпрыгожваю каравай у адпаведнасці з тэматыкай фэсту. Усе ўпрыгожванні ядомыя. Я ўдзячна нашаму Прэзідэнту за магчымасць удзельнічаць у гэтай цудоўнай падзеі.

Начальнік аддзела культуры Гомельскага райвыканкама Ірына Чарнаруцкая прыехала на фестываль упершыню:

Ірына Чарнаруцкая.jpg

— Вельмі рады паказаць сябе і паглядзець на іншых. Мы захоўваем традыцыі прыгатавання традыцыйных страў беларускай кухні, стараемся захаваць культурную спадчыну. Таму зацікавіліся гэтым фестывалем. Атмасфера нам вельмі падабаецца. На стале ў нас «бацькаў гармонік» і «матулін каравай». Яны сімвалізуюць адзінства і сямейную гармонію.

Свае ўменні паказвалі і прафесіяналы. Фармоўшчык цеста 4 разраду ААТ «Гроднахлебпрам» Яўген Гараўскі стварыў маштабную кампазіцыю, якая адлюстроўвае знакавыя памятныя мясціны, размешчаныя ў Гродне:

Яўген Гараўскі.jpg

— Вельмі рады ўдзельнічаць у такім свяце! Мне ўсё падабаецца, выдатная арганізацыя. Такія фестывалі дапамагаюць захаваць і перадаць традыцыі наступным пакаленням. Я ўпэўнены, што фестываль робіць свой унёсак у захаванне культурнай спадчыны. Я рыхтаваў сваю працу з салёнага цеста больш за месяц, пастараўся напоўніць яе мноствам маленькіх дэталяў, каб яе было цікава разглядаць.

Яркай часткай другой паловы дня на фестывалі «Бацькава булка» стала ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў, якія прайшлі ў рамках мерапрыемства. На чырвонай дывановай дарожцы сабраліся майстры хлебапячэння, прадстаўнікі падворкаў, творчыя калектывы і вытворцы, чые работы былі прызнаны лепшымі ў сваіх катэгорыях. Вядучыя цырымоніі падкрэслілі, што кожны ўдзельнік уклаў у сваю творчасць не толькі прафесійныя навыкі, але і часцінку сваёй душы.

Таксама ў рамках фестывалю адбылося першае ў Беларусі «Трактар-Булка-шоу». Лепшыя механізатары прайшлі трасу, поўную цяжкасцей. Гледачы з заміраннем сэрца назіралі, як адзін за адным трактары пераадольвалі перашкоды, узнімаючы клубы пылу. Траса патрабавала ад лепшых трактарыстаў краіны не толькі фізічнай сілы, але і тонкага ўмення. У захапленні засталіся як гледачы, так і ўдзельнікі спаборніцтва.

Праграма гулянняў была распісана да позняга вечара. Складана апісаць тую цудоўную атмасферу, што панавала ў гэты дзень у Свіслачы. Гэта трэба ўбачыць, а ў выпадку гэтага фестывалю яшчэ і ўдыхнуць водар.

Вераніка Казлоўская

Фото аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю