Моладзь заўсёды найбольш чуйна рэагуе на запыты часу. Таму і тэматыка праектаў, прадстаўленых на «Медыясферы», традыцыйна прывязана да найбольш значных і актуальных падзей у нашай краіне і грамадстве. Так, сёлета работы канкурсантаў былі прысвечаны Году беларускай жанчыны, пяцігодцы якасці і 85-годдзю з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым, паводле назіранняў журы конкурсу, з кожным годам прыкметна мяняецца не толькі сэнсавае напаўненне работ, але і іх тэхнічнае выкананне. Удзельнікі ўсё лепш валодаюць сучаснай тэхнікай, за кошт чаго якасць здымак, гуку, відэамантажу няўхільна расце. Прыкметны і ўплыў штучнага інтэлекту, таму ў гэтым годзе «Медыясфера» ўпершыню ўвяла намінацыю «ШІ-праект».
Але крытэрыі ацэнкі адзіныя для ўсіх намінацый: крэатыўная адпаведнасць тэме, творчая падача, глыбіня раскрыцця зместу, а таксама тэхнічная якасць рэалізацыі. З больш чым трохсот заявак, пададзеных у гэтым годзе, у фінал выйшлі 70 праектаў з усіх рэгіёнаў краіны — ад невялікіх населеных пунктаў да абласных цэнтраў. Усяго больш за 40 устаноў адукацыі.

Уражаннямі ад работ маладых талентаў падзялілася Зоя Целеш, галоўны спецыяліст аддзела па ўзаемадзеянні са СМІ, справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага выканаўчага камітэта:
— Як член журы, які ацэньвае работы ў намінацыі «Друкаваныя СМІ», не магу не адзначыць катэгорыю «профі». Работы гэтых удзельнікаў — гэта паўнавартасныя сучасныя часопісы са стыльным візуалам, эстэтычным афармленнем і змястоўнымі тэкстамі. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты — гатовыя прафесіяналы для рэдакцый СМІ, што нам як заказчыку кадраў асабліва прыемна адзначыць.
Прафарыентацыйная роля фестывалю відавочная: удзельнікі атрымліваюць рэальнае ўяўленне аб рабоце ў сферах журналістыкі і медыявытворчасці, а пасля многія нават паступаюць на профільныя спецыяльнасці ў ВНУ.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц і grsu.by