3D-пірог на нашым стале
У чым яе ўнікальнасць? Для якіх мэт яна прызначана? Якія перспектывы адкрывае для вырабу інавацыйных 3D-прадуктаў харчавання?
Сёння ў свеце ўсё больш актыўна развіваецца стварэнне персаніфікаваных прадуктаў з індывідуальнай харчовай біялагічнай каштоўнасцю, кансістэнцыяй, формай, смакам. Усе разумеюць: ужо недастаткова проста накарміць людзей. Каб умацаваць здароўе, кожнаму чалавеку важна харчавацца з улікам індывідуальнага абмену рэчываў, наяўнасці алергій, дэфіцытаў тых ці іншых вітамінаў і мінералаў. Адзін з інавацыйных кірункаў сучаснай харчовай прамысловасці — мадэляванне прадуктаў харчавання з выкарыстаннем харчовага 3D-прынтынгу.
На практыцы гэта выглядае так: харчовы матэрыял (напрыклад, мясная эмульсія ці шакалад)выціскаецца праз софт-экструдар 3D-прынтара, мадэліруючы зададзеную спецыяльнай праграмай форму, параметры і смакавыя якасці прадукту. У Беларусі стварэннем прадуктаў харчавання на аснове жывёльнай сыравіны з выкарыстаннем 3D-друку першым заняўся РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці». Айчынныя навукоўцы ўжо сёння могуць мадэліраваць прадукты з такім нутрыентным складам, які адпавядае фізіялагічным патрэбам канкрэтнага чалавека.
— Інавацыйныя распрацоўкі разлічаны на задавальненне патрэб самых розных груп насельніцтва, — тлумачыць загадчыца аддзела новых тэхналогій і перапрацоўкі водных біярэсурсаў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Ірына Калтовіч. — Напрыклад, 3D-тэхналогіі могуць дапамагчы многім бацькам, у якіх дзеці не любяць мяса. Варта з дапамогай 3D-прынтара прыгатаваць катлеткі ў форме маленькіх мядзведзікаў (накшталт вядомых бісквітаў) або персанажаў мультфільмаў, і, напэўна, у іх разгуляецца апетыт.
Вельмі перспектыўнае выкарыстанне 3D-тэхналогій у сегменце HoReCa (індустрыі гасціннасці і грамадскага харчавання), які павінен задавальняць самыя розныя, часам вельмі неардынарныя, запыты кліентаў. 3D-прынтары дазволяць удасканаліць працэсы вырабу страў патрэбных параметраў і складанага дызайну.
У сценах інстытута распрацавана ўнікальная тэхналогія вытворчасці сухіх мясных сумесяў і эмульсій, а таксама мясных 3D-прадуктаў з іх выкарыстаннем.
— Гэта тэхналогія дазваляе ствараць сумесі і эмульсіі для падрыхтоўкі натуральных прадуктаў без выкарыстання кансервантаў, фарбавальнікаў, стабілізатараў, араматызатараў, узмацняльнікаў смаку і іншых непажаданых кампанентаў. Можна заліць сумесь з пакуначка цёплай вадой і атрымаць карыснае для здароўя мясное пюрэ, — кажа Ірына Калтовіч.
Для вырабу інавацыйных прадуктаў у інстытуце выкарыстоўваецца як натуральная мясная сыравіна ў выглядзе эмульсій, так і сухія мясныя сумесі, якія захоўваюць усе карысныя ўласцівасці. Рэцэптуры сумесяў і эмульсій збалансаваны па аміна-, тлустакіслотным, мінеральным складзе з улікам патрэб спажыўцоў розных узростаў, роду заняткаў, груп фізічнай актыўнасці, асаблівасцяў абмену рэчываў.
Пакуль у нашай краіне 3D-друк нячаста выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці. Але шмат хто з вучоных перакананы: гэта пытанне часу.
— Калі 3D-тэхналогія пачне масава ўкараняцца ў свеце, гэта не заспее нас знянацку, — гаворыць Ірына Калтовіч. — Нам не давядзецца закупляць імпартныя сумесі для 3D-друку, якія ўтрымліваюць значную колькасць харчовых дабавак. Мы зможам забяспечыць сваё насельніцтва якасным харчаваннем.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота аўтара