Іспанія рыхтуецца да сонечнага зацьмення, якое адбудзецца 12 жніўня, як да буйной падзеі з рызыкай затораў, вялікага наплыву людзей і лясных пажараў. У некаторых рэгіёнах узмацнілі грамадзянскую абарону, а ўлады падрыхтавалі план бяспекі і рэагавання на магчымыя НС. Паведаміла NASA.
Паводле ацэнак урада, з 10 па 16 жніўня зацьменне можа прыцягнуць у Іспанію каля 446 тысяч дадатковых турыстаў. Найбольш улады асцерагаюцца рэзкага росту колькасці паездак, затораў, вялікай колькасці людзей у прыродных зонах і пажараў.
Да падрыхтоўкі падключылі і вайскоўцаў. Іспанская ваенная надзвычайная служба прадугледзела размяшчэнне падраздзяленняў на Маёрцы, Менорцы і Ібіцы. Акрамя таго, у гатоўнасці знаходзяцца чатыры ваенныя верталёты, якія могуць выкарыстоўвацца для разведкі, пошуку і эвакуацыі пацярпелых.
Дзе будзе бачнае поўнае зацьменне 12 жніўня?
Зацьменне стане першым поўным сонечным зацьменнем, бачным з Пірэнейскага паўвострава, больш як за 100 гадоў. Паласа поўнай фазы перасячэ Іспанію з захаду на ўсход — ад Галісіі праз поўнач краіны да Валенсіі і Балеарскіх астравоў.
Ці будзе бачна з Беларусі?
У Беларусі 12 жніўня можна будзе ўбачыць толькі частковае сонечнае зацьменне. У Мінску яно пачнецца 20:10, максімальная фаза настане прыкладна 20:42, а завершыцца назіраная частка з’явы каля 20:46. Поўнай фазы ў Беларусі, на жаль, не будзе.