Калі ў Іванава з’явілася новая культурная пляцоўка, многія жыхары ўспрынялі гэта як цуд. Забыты будынак, які яшчэ нядаўна пуставаў, стаў жывым цэнтрам гісторыі і памяці. Ініцыятыва, што нарадзілася ў калектыве работнікаў аддзела культуры, перарасла ў сапраўдны прыклад грамадзянскага адзінства і творчай настойлівасці.
— Мы вырашылі, што гэты год, калі Іванава атрымаў ганаровы статус культурнай сталіцы Беларусі, павінен быць асаблівым, — расказвае начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна БАРАДЗІНЧЫК. — Доўгі час у горадзе не было ўласнага музея, і мы падумалі, чаму б не стварыць галерэю славы нашых вядомых землякоў — тых, хто сваёй працай і талентам праслаўляў і праслаўляе цяпер рэгіён.
— Калі мы абвясцілі збор сродкаў, людзі актыўна адгукнуліся. Хто колькі мог, столькі і пералічваў, — расказвае Валянціна Андрэеўна. — Атрымалася сапраўдная народная будоўля.
Побач з галерэяй утварыўся новы цікавы куток — экспазіцыя «Час выбраў нас». Ён стаў лагічным працягам ідэі праз эстэтыку і мастацтва паказаць павагу да мінулага.
Работы вяліся з сакавіка. Адначасова былі замоўлены дызайн-праекты. Значную частку аб’ёму работы выканалі самі работнікі аддзела культуры: падсыпалі зямлю, высадзілі газон, туі, кветкі. Тэрыторыя літаральна перамянілася — з пусткі яна ператварылася ў месца прыцягнення.
— Людзі спыняюцца, фатаграфуюцца, дзякуюць, — усміхаецца кіраўнік аддзела культуры. — Здаецца, дробязь, але калі бачыш, што тваё старанне выклікае радасць, то разумееш: не дарма працуеш.
Новая ўстанова стане філіялам музейнага комплексу імя Напалеона Орды. Сёння ўжо падрыхтаваны дзве экспазіцыйныя залы — «Час выбраў нас» і «Зала ваеннай славы». У працэсе завяршэння — тэматычныя залы, прысвечаныя Афганістану, Чарнобылю, працоўным подзвігам землякоў.
Да канца года праект будзе гатовы цалкам. Тут размесцяцца партрэты і біяграфіі герояў вайны і працы, мастакоў, вучоных, людзей, якія зрабілі і робяць Іванаўскі раён вядомым далёка за межамі краіны.
— Мы гістарычна прывучаны да культуры, — кажа Валянціна Барадзінчык. — І сёння гэта адчуванне пераемнасці жыве ў кожным мясцовым жыхары. Мы ўмеем бачыць і ствараць прыгажосць, і таму статус культурнай сталіцы стаў не выпадковасцю, а прызнаннем таго, што мы дасягнулі сваёй высокай планкі.
Грамадзянская ініцыятыва «Час выбраў нас» паказала: культура пачынаецца з унутранай патрэбы чалавека ствараць. Іванава стала прыкладам таго, як з простай ідэі нараджаецца вялікая справа — справа памяці, гонару і любові да сваёй зямлі.
Рэалізацыя грамадзянскай ініцыятывы — толькі адзін з этапаў у культурным адраджэнні Іванава. Сёння тут актыўна развіваецца турызм і мастацкае жыццё.
У цэнтры Іванава радуе вока жыхароў і гасцей горада ландшафтна-культурны парк мініяцюр страчаных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Іванаўшчыны «Лабірынт часу».
Сапраўднай славутасцю стала школа бондарства, якая адраджае традыцыі гістарычнага рамяства. Там хлопцы і дзяўчаты вырабляюць бочкі, скрыні, посуд, распісваюць іх уручную. У 2022 годзе старадаўняя тэхналогія апрацоўкі дрэва атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
У горадзе таксама ўзніклі інсталяцыі паводле работ Напалеона Орды, якія ўпрыгожваюць фасады будынкаў — школы мастацтваў, рэдакцыі «Янаўскі край», кавярняў. Іванава паступова становіцца адзінай мастацкай прасторай, дзе культура не толькі захоўваецца, але і ствараецца нанава.
Праект знайшоў падтрымку Брэсцкай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, дзякуючы якой Іванаўскі аддзел культуры атрымаў 36 тысяч рублёў на рэалізацыю ініцыятывы. Самі жыхары сабралі нават больш паложаных дзесяці працэнтаў — каля пяці тысяч рублёў.
Міхаіл Данілковіч
Фота дадзены Іванаўскім райвыканкамам
г. Іванава.