Top.Mail.Ru

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Заслухоўваючы даклад па мерах удасканалення сацыяльнай абароны насельніцтва ў кастрычніку мінулага года, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў сённяшняй сітуацыі і пенсіянераў, і інвалідаў, і дзяцей-сірот варта падтрымліваць, як толькі ў дзяржавы з’яўляюцца фінансавыя магчымасці. У чарговы раз можна ўпэўніцца, што словы Прэзідэнта не разышліся са справай. Беларуская эканоміка спрацавала са станоўчым вынікам, і заробленыя сродкі было вырашана накіраваць на падтрымку найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва. Днямі кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Указ «Аб павышэнні пенсій», згодна з якім з 1 лютага яны ўзрастуць у сярэднім на 10 %. Якім у выніку будзе сярэдні памер пенсіі? Ад чаго залежыць іх павышэнне? Як сёлета будуць расці «ўзроставыя» даплаты да пенсіі? Аб гэтым «Звяздзе» расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.


— Наталля Віктараўна, каму і на колькі чакаць павелічэння пенсій з лютага?

— Навіны аб павышэнні заўсёды чаканыя і абмяркоўваюцца. Ужо з 1 лютага нашы пенсіянеры атрымаюць істотны дадатак да пенсіі. Падкрэслю, што павялічваюцца ўсе віды працоўных пенсій: па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля. У выніку пераразліку памер працоўнай пенсіі павялічыцца ў сярэднім на 10 %.

Па папярэдняй ацэнцы, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў лютым бягучага года складзе 930 рублёў. Гадавое павелічэнне, калі лічыць з лютага 2024-га да лютага 2025-га, складзе 120 рублёў, ці 14,8 %.

Памер павелічэння працоўнай пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу і велічыні заробку, улічаных пры вылічэнні яму пенсіі, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі. Усяго атрымальнікамі працоўных пенсій у краіне з’яўляюцца больш як 2,3 мільёна пенсіянераў.

У цэлым у лютым расходы на выплату пенсій складуць каля 2,2 мільярда рублёў, з іх на павышэнне пенсій будзе накіравана 196 мільёнаў. Калі браць выдаткі за год, то на пенсіённыя выплаты прадугледжана амаль 26 мільярдаў рублёў, гэта плюс 3,3 мільярда ў параўнанні з мінулым годам.

— Колькі павышэнняў чакаць сёлета пенсіянерам?

— Казаць аб колькасці пераразлікаў працоўных пенсій у 2025 годзе пакуль заўчасна. Аднак нагадаю, летась іх было два: з лютага — на 10 % і з кастрычніка — на 5 %.

Таксама звяртаю ўвагу, што чатыры разы на год — у лютым, маі, жніўні і лістападзе — з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму будуць павялічвацца яшчэ і «ўзроставыя» даплаты да пенсіі.

Дарэчы, з 1 студзеня 2025 года таксама павысіліся пенсіі для дзяцей-інвалідаў, якія да 18 гадоў страцілі аднаго з бацькоў. Памер павышэння залежыць ад ступені страты здароўя. Гэтыя пенсіі прывязаны да бюджэту пражытачнага мінімуму, і павелічэнне складзе ад 80 да 110 % БПМ — ад 350 да 482 рублёў.

Дадатковыя гарантыі атрымаюць па прызначэнні датэрміновай пенсіі і таты дзяцей-інвалідаў, якія ажыццяўляюць выхаванне і догляд дзіцяці без удзелу маці. Так, датэрміновую пенсію ўзамен маці прызначаць бацьку пры дасягненні ім 58-гадовага ўзросту пры ўмове пац-
вярджэння факта выхавання дзіцяці-інваліда не менш як восем гадоў да яго паўналецця, стажу работы не менш як 25 гадоў, з якіх не менш як пяць гадоў работы з выплатай страхавых узносаў, што мы называем страхавым стажам.

Новаўвядзенні закрануць і шматдзетныя сем’і. Для маці, якія нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей да васьмігадовага ўзросту, уводзяцца льготныя ўмовы прызначэння пенсіі, а менавіта ўстанаўліваецца далейшае зніжэнне страхавога стажу з дзесяці да пяці гадоў.

— Наколькі ахвотна беларусы карыстаюцца праграмамі назапашвальнай пенсіі, больш вядомымі як «Тры плюс тры» і «Адкладзеная пенсія»?

— Назапашвальныя пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы — адзін з дадатковых механізмаў для камфортнай старасці, які рэалізуецца ў нашай краіне. Іх накопліваюць ужо больш за 45 тысяч чалавек. Сярод удзельнікаў пераважаюць жанчыны, якіх больш за 70 %. Адметна, што каля 64 % удзельнікаў выбралі тарыф «Тры плюс тры».

Цікавасць да праграмы найперш праявілі беларусы, да выхаду на пенсію якім засталося прыкладна 5-10 гадоў. Менавіта ў гэтым узросце людзі ўжо сур’ёзна задумваюцца аб маючым адбыцца новым этапе жыцця.

Акрамя таго, для пенсіянераў, якія працуюць, эфектыўным механізмам павелічэння даходаў у будучыні з’яўляецца праграма «Адкладзеная пенсія», што дазваляе сфарміраваць дадатковую прэмію за больш позні пачатак атрымання пенсіі. Сёння такой праграмай скарысталася звыш пяці тысяч пенсіянераў.

Загаловак у газеце: Пенсія з прыбаўкай

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю