Днямі ў Канстытуцыйным Судзе адбылося выязное пашыранае пасяджэнне дзвюх пастаянных камісій Савета Рэспублікі: па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве і па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Ключавой тэмай стала павышэнне якасці заканатворчасці зыходзячы з патрабаванняў кіраўніка дзяржавы і паслання Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
У мерапрыемстве ўзяў удзел старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей Сівец, а таксама старшыні і члены дзвюх пастаянных камісій Савета Рэспублікі. Праведзеная сустрэча стала пляцоўкай для адкрытага абмену думкамі, на якой былі абмеркаваны некалькі пытанняў. Сярод іх — прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выказаныя ў Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; практычныя аспекты рэалізацыі права грамадзян на зварот у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з індывідуальнай канстытуцыйнай скаргай; навацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах».
«Заканадаўца павінен трымаць руку на пульсе і аператыўна рэагаваць на змены грамадскіх адносін»
Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей Сівец, на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт нашай краіны даручыў пашырыць формы ўдзелу суддзяў Канстытуцыйнага Суда ў заканатворчасці: «Мэта гэтага — павысіць якасць законаў, што прымаюцца ў нашай краіне, ажыццяўляць дзейсны кантроль, у тым ліку з дапамогай папярэдняга канстытуцыйнага кантролю, за адпаведнасцю палажэнняў прыманых законаў палажэнням абноўленай Канстытуцыі».

У канчатковым выніку, паводле слоў старшыні Канстытуцыйнага Суда, гэта забяспечыць стабільны характар прававой сістэмы, эфектыўнае прымяненне норм заканадаўчых актаў у правапрымяняльнай дзейнасці з тым, каб яны былі сапраўды эфектыўнымі і прамымі рэгулятарамі існуючых грамадскіх адносін. «І гэта мерапрыемства — выязное пашыранае пасяджэнне дзвюх профільных пастаянных камісій Савета Рэспублікі — якраз накіравана на выкананне гэтага даручэння кіраўніка дзяржавы», — звярнуў увагу Сяргей Сівец.
Што датычыцца інстытута канстытуцыйнай скаргі, старшыня Канстытуцыйнага Суда адзначыў, што гэты інструмент запатрабаваны ў грамадзян краіны, пра што сведчаць вынікі мінулага года. Грамадзяне рэальна бачаць у ім механізм абароны сваіх гарантаваных Канстытуцыяй асноватворных правоў і свабод. І суддзі Канстытуцыйнага Суда таксама бачаць пэўныя прававыя лакуны, якія патрабуюць заканадаўчага запаўнення, каб гарантаваць грамадзянам поўную непасрэдную рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод.
Адной з высноў, да якіх прыйшоў Канстытуцыйны Суд у пасланні Прэзідэнту і палатам Нацыянальнага сходу «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь», стала неабходнасць апераджальнай заканатворчасці. «У нас склалася досыць шырокае кола грамадскіх адносін, перш за ўсё ў лічбавай сферы, што патрабуе апераджальнага заканадаўчага рэгулявання, каб усе тыя правы грамадзян: асабістыя маёмасныя і асабістыя немаёмасныя, якія сёння ў лічбавым асяроддзі ўжо рэалізуюцца, былі ў поўнай меры забяспечаны нарматыўнай рэгуляторыкай, каб не ўзнікала нейкіх пытанняў, якія б наўпрост парушалі альбо не гарантавалі гэтыя правы», — растлумачыў Сяргей Сівец.
Сёння такі вакуум, паводле яго слоў, назіраецца. «Таму і заканадаўца павінен, што называецца, трымаць руку на пульсе і аператыўна рэагаваць на змены грамадскіх адносін, прапаноўваючы праекты тых ці іншых заканадаўчых актаў, якія ў тым ліку могуць быць аб’ектам папярэдняга канстытуцыйнага кантролю з боку Канстытуцыйнага Суда», — дадаў Сяргей Сівец. Гэта мае значэнне і для таго, каб паток канстытуцыйных скаргаў не рос, а заставаўся хоць бы на цяперашнім узроўні.

«Найважнейшым патрабаваннем да законаў з’яўляецца іх даўгавечнасць»
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы ў сваю чаргу падкрэсліў, што законы заўсёды павінны працаваць на апярэджанне для таго, каб было стабільнае грамадства. Заканадаўства ж, падкрэслівае сенатар, павінна быць зразумелым, даступным, даўгавечным і справядлівым. Парламентарый адзначыў, што на пасяджэнні чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі быў адобраны шэраг законапраектаў, у тым ліку і праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці», якім пашыраецца пакетны прынцып распрацоўкі нарматыўных прававых актаў.
Тлумачачы гэту навацыю, Міхаіл Русы ўказаў на тыя сітуацыі, якія сустракаюцца ў практыцы, калі закон не працуе ў поўную сілу з-за адставання ў падрыхтоўцы падзаконных актаў. Таму важны пакетны прынцып падрыхтоўкі дакументаў, упэўнены ён. «Найважнейшым патрабаваннем да законаў з’яўляецца іх даўгавечнасць. Так, закон павінен працаваць на апярэджанне, быць сталым, што асабліва важна для эканомікі. Такі падыход дазваляе выключаць частыя карэкціроўкі: хоць бы 5-7 гадоў у закон не павінны ўносіцца змены», — канстатаваў сенатар.
«Мы адпрацавалі такія падыходы — прастата, даступнасць, хуткасць і якасць падрыхтоўкі дакументаў для таго, каб яны эфектыўна працавалі», — дадаў Міхаіл Русы, указаўшы таксама на такі аспект, як справядлівасць заканадаўства. Адказная за падрыхтоўку група, паводле яго слоў, павінна ўлічваць інтарэсы галіны, краіны, грамадства, загадзя выяўляць тыя вострыя моманты, якія могуць падняць і ўзбударажыць грамадства.
Старшыня Пастаяннай камісіі нагадаў, што па даручэнні Прэзідэнта ў 2024 годзе была праведзена рэвізія ўсёй нарматыўнай прававой базы, уключаючы законы, указы, пастановы, інструкцыі. Частка дакументаў страціла сілу, частка — стала неактуальнай, у шэрагу выпадкаў выключана дублюючая юрыдычная нагрузка. Міхаіл Русы таксама адзначыў такую навацыю, замацаваную ў Канстытуцыі, як магчымасць падачы канстытуцыйнай скаргі. З аднаго боку, гэта дае чалавеку права звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд са скаргай, якая будзе разгледжана. З іншага боку, выяўляе сітуацыі, калі чалавек, прайшоўшы ўсе інстанцыі, павінен ісці ў Канстытуцыйны Суд і даказваць сваю правату.
Што датычыцца выязнога пашыранага пасяджэння дзвюх пастаянных камісій Савета Рэспублікі, Міхаіл Русы адзначыў, што гэта мерапрыемства дазволіла акцэнтаваць увагу на пытаннях якасці і апераджальнага характару падрыхтоўкі законапраектаў. «Вельмі сімвалічна, што менавіта ў сценах Канстытуцыйнага Суда мы правялі гэту сустрэчу, — нагадаў ён. — Бо зусім нядаўна краіна адзначыла Дзень Канстытуцыі. Штогадовае пасланне Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Парламенту выступае свайго роду настольным дапаможнікам для парламентарыяў».
Нягледзячы на знешні ціск, дзякуючы народнаму адзінству і кансалідацыі грамадства, забяспечваецца абарона суверэнітэту і непахіснасць канстытуцыйнага ладу. «Перакананы, што сустрэча членаў Савета Рэспублікі і суддзяў Канстытуцыйнага Суда дазволіць выпрацаваць узгодненыя падыходы па рэалізацыі тэзіса паслання аб „апераджальнай заканатворчасці“, сфармуляваць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і яго эфектыўным прымяненні ў практыцы», — адзначыў у сваім выступленні Міхаіл Русы. Старшыня Пастаяннай камісіі дадаў, што пачата ўжо работа па падрыхтоўцы плана заканатворчай дзейнасці на 2027 год.
***
Па выніках мерапрыемства яго ўдзельнікі абмяняліся думкамі па ключавых момантах правых пазіцый, выказаных Канстытуцыйным Судом 12 сакавіка пры абвяшчэнні Паслання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Палатам парламента «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў краіне», абмеркавалі практыку рэалізацыі індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі, а таксама тыя пытанні, якія ўжо былі выяўлены Канстытуцыйным Судом у ходзе канстытуцыйнай праверкі па дадзеных зваротах грамадзян, у тым ліку на прадмет выяўленых дэфектаў заканадаўства і механізмаў іх ліквідацыі.
«У цэлым адбыўся абмен думкамі па найбольш актуальных пытаннях нарматворчай дзейнасці, прымянення таго ці іншага інструментарыю пры падрыхтоўцы праектаў і заканадаўчых актаў для таго, каб, як я ўжо сказаў, забяспечыць стабільнасць і паўнату нашай прававой сістэмы», — рэзюмаваў старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей Сівец.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА