Падарожжа па розных кутках Беларусі працягваецца. Гэтым разам уласны карэспандэнт па Гродзенскай вобласці пабывала ў Карэліцкім раёне, дзе рэалізаваны дзве грамадзянскія ініцыятывы. Яны вельмі розныя.
У гонар героя
Першым рэалізаваным праектам стаў патрыятычны аб’ект. У Карэліцкім раёне на «Поле Фогеля» (каля аграгарадка Малюшычы) у 2024 годзе быў рэканструяваны мемарыяльны комплекс. Генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза Ян Янавіч Фогель (дарэчы, латыш па нацыянальнасці) — важная фігура ў гісторыі вызвалення Карэліцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго імя непарыўна звязана з рэгіёнам, тут ён і загінуў у ліпені 1944 года. Цяпер на «Полі Фогеля» адноўлены памятны знак, высаджана алея і выкладзена дарожка, расказаў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош.
— На праект было выдзелена 15 600 рублёў. Вялікую дапамогу ў рабоце аказалі КСУП «Племзавод Карэлічы» і Навагрудскі лясгас. Гэты праект стаў магчымы дзякуючы актыўнай пазіцыі жыхароў раёна і іх жаданню захаваць памяць аб гераічным мінулым. Цяпер ідзе збор на будаўніцтва капліцы-мемарыяла.
Для актыўнага адпачынку
Рашэнне аб адпраўцы другога праекта на конкурс выклікала гарачыя абмеркаванні. Але старшыня Аляксей Гаўрош настаяў на тым, каб змагацца за перамогу, і вылучылі скейт-парк.
— Узнікалі сумненні, што аб’ектам будуць карыстацца. Але цяпер гэта адно з самых папулярных месцаў у Карэлічах. Рэалізаваць праект прапанаваў Маладзёжны савет пры раённым Савеце дэпутатаў. Я іх прапанову цалкам падтрымаў, таму што яна сучасная і актуальная. Наша СВК «Маяк-Запольны» таксама падтрымала ідэю і ўнесла сродкі. Моладзь поўная ідэй і ініцыятываў. Важна ўсяліць у іх упэўненасць і падтрымаць, калі ёсць такая магчымасць. Яны гатовы звярнуць горы. Галоўнае — не апекаваць іх занадта. Наадварот, трэба падтрымліваць іх імкненне ісці наперад.
Скейт-парк з’явіўся на стадыёне «Юнацтва». Кошт аб’екта — 28,1 тысячы рублёў, сродкі выдзелены з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У рамках суфінансавання ў рэалізацыі праекта прыняў удзел СВК «Маяк-Заполле» і мясцовыя жыхары — сабралі дзесяць працэнтаў ад сумы. Пляцоўка была заасфальтавана раней, а ў рамках конкурсу ўстаноўлена абсталяванне. У новы спартыўны комплекс увайшлі шесць элементаў для экстрэмальнага катання. На іх можна выконваць розныя скачкі, развароты, баланс-трукі і набор хуткасці
Сёлета Карэліцкі раён таксама прымае ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, на абласны этап адпраўлены тры праекты. Конкурс становіцца фактарам, што аб’ядноўвае, згуртоўвае людзей, якія працуюць на карысць раёна. Ён садзейнічае развіццю грамадзянскай супольнасці, падтрымцы ініцыятыў жыхароў і паляпшэнню якасці жыцця.
У гарадскім пасёлку Мір прапануюць стварыць зону адпачынку, якая ўключае вяровачны парк для дзяцей, а таксама ўстаноўку лавак, альтанак і іншых аб’ектаў для камфортнага адпачынку мясцовых жыхароў. Старшыня зазначае, што месца вельмі ўдалае, побач школа і жылая забудова. У рамках конкурсу ў аграгарадку Цырын плануецца добраўпарадкаванне парка. Пачаты работы па высечцы аварыйных дрэў і стварэнні пляцовак для адпачынку. Трэці праект прапануюць рэалізаваць у аграгарадку Турэц. Перад уездам у населены пункт ёсць парк, яго жадаюць добраўпарадкаваць і зрабіць маршрут для прагулак. Дарэчы, ва ўсіх трох населеных пунктах работы ўжо пачаты, жыхары вырашылі, што незалежна ад вынікаў конкурсу яны будуць займацца ўпарадкаваннем.
Падтрымка моладзі
Аляксей Гаўрош адзначае, што ў апошнія гады жыхары раёна сталі больш актыўнымі і ахвотна адгукаюцца на прапановы і ўносяць свае. Моладзь Карэліччыны ўдзельнічае ў розных конкурсах і мерапрыемствах. Напрыклад, удзел у абласным фестывалі «БТР: будзем трымацца разам» з праектам «Крыштальны прыстанак Карэліччыны» прынёс перамогу. Ініцыятыва накіравана на аднаўленне і добраўпарадкаванне крыніцы ў вёсцы Загор’е Карэліцкага раёна.
У рамках праекта плануецца не толькі навесці парадак каля крыніцы, але і стварыць паўнацэнную зону адпачынку і аздараўлення. Ужо ўстаноўлены бетонныя кольцы, праведзена адсыпка тэрыторыі і выкладзены камень для арганізацыі зручных падыходаў і пад’ездаў да вады. У планах — абсталяванне купелі недалёка ад крыніцы.
Суразмоўца адзначыў, што галоўнае ў такіх ініцыятывах — удзел грамадзян і іх уклад у стварэнне камфортных умоў для жыцця. «Калі чалавек уклаў сваю працу, ён будзе берагчы гэта і сачыць за парадкам», — падсумаваў ён.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота дадзена раённым Саветам дэпутатаў