Top.Mail.Ru

У кастрычніку Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія «МІР» адзначае сваё 33-годдзе

Тэлеканал расце і развіваецца, але заўсёды нязменна адно — увага гледачоў, падкрэсліваюць у тэлерадыёкампаніі.



— 33 гады — гэта ўзрост сталасці, упэўненасці і пастаяннага руху наперад. За гэтыя гады «МІР» прайшоў шлях ад ідэі да магутнай медыяплатформы, якая аб’ядноўвае мільёны гледачоў у розных краінах. Мы раслі разам з нашым часам, рэагавалі на выклікі, укаранялі новае, але заўсёды заставаліся верныя галоўнаму — быць сумленнымі, адкрытымі і блізкімі да людзей. Сёння мы не проста адзначаем дату — мы святкуем давер, які нам аказваюць, і энергію, з якой ідзём далей. Наперадзе — новыя праекты, новыя гарызонты і, вядома, наш глядач, дзеля якога ўсё гэта існуе, — адзначае дырэктар Нацыянальнага філіяла МТРК «МІР» у Рэспубліцы Беларусь Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ.

1.jpg

Дарэчы, Нацыянальны філіял МТРК «МІР» у Рэспубліцы Беларусь — адно з самых вялікіх структурных падраздзяленняў тэлерадыёкампаніі. Праграмы і спецыяльныя праекты прадстаўніцтва неаднаразова станавіліся ўладальнікамі прэстыжных прафесійных узнагарод. А гэта накладвае пэўныя абавязацельствы — упэўнены намеснік дырэктара — галоўны рэдактар студыі тэлебачання Андрэй АЛЯКСЕЕНКА

— Нельга стаяць на месцы. І мы не стаім. Рухаемся. Павялічваем нашу аўдыторыю. Ствараем новыя і мадэрнізуем ужо ўпадабаныя гледачу праекты. Так, наш знакавы праект — «Беларускі стандарт» — сёлета перажыў невялікі рэбрэндынг. Цяпер у праграме больш вядучага ў кадры, які, можна сказаць, на сабе спрабуе ўсё тое, аб чым ідзе гаворка ў праграме. А гэта, безумоўна, выклікае давер у гледача. Адзначым, што разам з гэтымі навацыямі ўзраслі і рэйтынгі праграмы, — расказаў Андрэй Аляксеенка. 

2.jpg

Дакументальныя фільмы — асобная старонка ў гісторыі тэлеканала. І беларускае прадстаўніцтва ў гэтай нішы традыцыйна моцнае. Тэматыка разнастайная — ад стужак, прымеркаваных да памятных дат і падзей, да гістарычных дакументальных драм. Работы журналістаў былі неаднаразова адзначаны ўзнагародамі прэстыжных конкурсаў і кінафестываляў.

Сёлета фільм нацыянальнага прадстаўніцтва МТРК «МІР» у Беларусі «У прарыў ідуць штрафныя батальёны» атрымаў дыплом «За захаванне гістарычнай праўды». Работа над стужкай вялася каласальная. Каманда вывучала архіўныя даныя, на працягу многіх месяцаў працавала з гісторыкамі. Стваральнікам фільма хацелася разабрацца ў чутках і здагадках, якімі абраслі штрафбаты, дакапацца да праўды. Некаторыя факты з вялікага экрана гучалі ўпершыню.

— Тое, што штрафныя падраздзяленні існавалі ва ўсіх часцях, акрамя танкавых. Былі цэлыя штрафныя эскадрыллі. Нават авіяцыя мела сваіх штрафнікоў. І яшчэ адзін факт, які ўразіў больш за ўсё: тое, што першапачаткова ў штрафбаты адпраўлялі нават жанчын. Потым такая практыка адышла, — расказала сцэнарыст Вольга АЛІПАВА.

3.jpg

Для жанчыны фільм атрымаўся асабістым. Штрафнік Іван Калінкоў — яе дзед. У адным з баёў ён атрымаў 12 раненняў. 

Выйшаў у эфір і хранікальна-дакументальны фільм «Фабзайцы. Вяртанне дадому». Ён раскрыў раней невядомыя факты пра беларускіх падлеткаў, якія выжывалі ў блакадным Ленінградзе падчас Вялікай Айчыннай. Сам праект — гэта працяг фільма «Фабзайцы», які тры гады таму знялі «міраўцы» з філіялаў Беларусі і Санкт-Пецярбурга. Каманда беларускага прадстаўніцтва працягнула даследаваць тэму, у якую ні гісторыкі, ні дакументалісты да гэтага моманту сур’ёзна не паглыбляліся.

— Мы сутыкнуліся з тым, што гэта тэма мала даследаваная, — тлумачыць аўтар сцэнарыя Руслан ТУРКОЎ. — Як заўсёды, было цікава папрацаваць у архівах, шукаючы новыя факты. Бо нават спецыялісты гэту тэму не вельмі добра вывучылі, і мне даводзілася сабраныя матэрыялы адпраўляць у Санкт-Пецярбург, дзе іх даследавалі гісторыкі.

Вярнуцца дадому юныя байцы працоўнага фронту змаглі ўжо толькі пасля вайны: аднаўлялі з руін родную рэспубліку, многія сталі майстрамі, выкладчыкамі навучальных устаноў і зноў аднаўлялі школы ФЗН. Стваральнікі фільма правялі нямала часу, шукаючы ў архівах унікальныя дакументы і рэдкія кадры кінахронікі.

У новы сезон Радыё «МІР» уварвалася гучным рэкордам: упершыню ў гісторыі беларускага вяшчання радыйшчыкі выйшлі ў прамы радыёэфір з аэратрубы, знаходзячыся ў вольным палёце. Хуткасць руху ветру ў паветраным слупе — каля 200 кіламетраў у гадзіну, паток паветра — наймагутнейшы. Тэхнічна арганізаваць сувязь паміж пілотам аэратрубы і вядучым у радыёстудыі за дзясяткі кіламетраў было вельмі складана. Прыйшлося правесці не адзін тракт, прыцягнуць спецыялістаў, у выніку, рэкорд быў устаноўлены і зафіксаваны ў Нацыянальным рэестры рэкордаў Беларусі. Гэту падзею ўпісалі ў 100-гадовую гісторыю беларускага радыёвяшчання. Круглую дату радыйная супольнасць адзначыць у лістападзе! 

5.jpg

Беларускае прадстаўніцтва ўдзяляе вялікую ўвагу рабоце ў сацсетках і месенджарах, бо гэта важная частка сучаснага медыяасяроддзя. «МІР» ёсць амаль ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках. 

— Мы ствараем як навінавы, так і забаўляльны кантэнт. Але самае галоўнае — гэта наша сувязь з падпісчыкамі. Многія тэмы мы абмяркоўваем па іх запытах, інтарэсах і патрэбах.

Наша аўдыторыя вельмі разнастайная: Расія, краіны Балтыі, Украіна, Малдова, Польшча, Германія, Балгарыя і іншыя. Усім ім цікавая Беларусь з яе гісторыяй, турыстычным патэнцыялам, традыцыямі і нацыянальнай кухняй. У каментарыях людзі дзеляцца ўражаннямі аб паездках, дзякуюць за гасціннасць беларусаў і просяць расказаць пра славутасці, параіць месцы для адпачынку. Мы стараемся адказваць кожнаму і ўлічваць запыты аўдыторыі пры стварэнні кантэнту.

У планах — запусціць беларускі канал на расійскай сацсетцы MAX. Мы ўжо абмяркоўваем гэта пытанне з маскоўскімі калегамі. Спадзяёмся, што хутка зможам стварыць там канал, дзе будзем распавядаць пра Беларусь і яе магчымасці. Цяпер распрацоўваецца канцэпцыя гэтага праекта. Мы верым, што наша мірная аўдыторыя стане яшчэ большай, — адзначае начальнік аддзела трансмедыйных праектаў Таццяна ЕСАЎЛАВА.

4.jpg

Чалавек застаецца галоўным арыенцірам для тэлеканала «МІР». Менавіта інтарэсы, чаканні і эмоцыі гледачоў фарміруюць рэдакцыйны парадак дня і вызначаюць кірунак развіцця. Каманда тэлеканала глыбока ўсведамляе важнасць актуальнага і шчырага кантэнту — таго, які знаходзіць водгук і выклікае давер. А калі бачыш, як гледачы рэагуюць, застаюцца з каналам на працягу многіх гадоў, гэта становіцца самай высокай ацэнкай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю