У Беларусі і Татарстане добра вядомае імя паэта, перакладчыка, публіцыста, мастака народнага паэта Татарстана Рэната Харыса. Яго 85-гадовы юбілей адзначылі ў Музеі Янкі Купалы ў сяле Пячышчы пад Казанню.
Народны паэт Беларусі Янка Купала жыў у Татарстане, у Пячышчах, у час Вялікай Айчыннай вайны, — з 13 лістапада 1941-га да 18 чэрвеня 1942-га. Саюзам пісьменнікаў Татарскай АССР шмат дзесяцігоддзяў назад была вылучана ідэя стварэння мемарыяльнага, літаратурнага, краязнаўчага музея Янкі Купалы. І 28 мая 1975 года асветніцкая ўстанова пачала сваю работу. Музей размяшчаецца на тэрыторыі былога млына «Гандлёвы дом Аканішнікаў і сыны», займае другі паверх 3-павярховага дома. Агульная плошча — 198 квадратных метраў.
Рэнат Харыс даўно і з увагай ставіцца да беларускай літаратуры, з’яўляецца перакладчыкам многіх твораў Янкі Купалы, у тым ліку — славутага цыкла «Санеты». Таксама татарскі мастак слова пераўвасобіў на сваю родную мову творы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Міхася Чарота і іншых беларускіх паэтаў.
У знак юбілею татарскага пісьменніка ў музеі прайшла літаратурна-музычная сустрэча «Хуш кілагез — Калі ласка». Рэната Харыса прывітаў кіраўнік Выканаўчага камітэта Савета Асамблеі народаў Татарстана, дэпутат Дзяржсавета Рэспублікі Татарстан Рэнат Валіўлін, які падзякаваў літаратару за вялікі ўклад у сяброўства паміж народамі Беларусі і Татарстана. Выконваючы абавязкі кіраўніка Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Казані Віктар Шчэцька перадаў Рэнату Харысу прывітальны адрас ад Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Мікола Берлеж