Прысмакі з тропікаў Паднябеснай.
Прысмакі з тропікаў Паднябеснай.
У горадзе Хайкоу, што на востраве Хайнань, адзінай трапічнай правінцыі Кітая, вырошчваюць асаблівы дэлікатэс — вулканічныя лічы. На адным з аўкцыёнаў цана за плод гэтага сорту дасягнула 24,8 тысячы юаняў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн«.
Гісторыя вырошчвання лічы на Хайнане налічвае больш за 2000 гадоў. Яны растуць тут у расколінах вулканічных парод, насычаюцца мінеральнай вадой і карыснымі элементамі з глебы, багатай селенам. Дзякуючы ўнікальнаму клімату на 20 градусе паўночнай шыраты і сутачным перападам тэмператур, лічы саспяваюць на 15-20 дзён раней, чым у кантынентальнай частцы Кітая.

Асаблівую каштоўнасць мае сорт «Цзынянсі»: яго плады памерам з курынае яйка маюць сэрцападобную форму, а пад грубай скуркай, якая нагадвае вулканічную лаву, празрыстая, сакавітая мякаць.
Сёлета на Хайкоу разлічваюць сабраць 87,9 тысячы тон лічы з плошчы 163,9 тыс. му (10,9 тыс. га), з прагназуемым даходам звыш 1,6 млрд юаняў. Садавіна пастаўляецца ў многія краіны, штодзённы аб’ём экспарту складае каля 60 тон.
Вулканічныя лічы не толькі сталі нацыянальным геаграфічным брэндам, але і садзейнічаюць развіццю вясковага турызму. З’яўляюцца новыя прадукты з гэтай садавіны: газаваныя напоі, дэсерты і выпечка. Агратурызм пашыраецца — турысты прыязджаюць збіраць лічы, наведваць старажытныя вулканічныя вёскі і атрымліваць асалоду ад мясцовай кухні.
Дзякуючы строгаму кантролю якасці, удасканаленню лагістыкі і інавацыйнаму маркетынгу, вулканічныя лічы з Хайкоу ператварыліся са звычайнай садавіны ў элітны прадукт, які стаў «залатой галіной» для павелічэння даходаў мясцовых аграрыяў.