Усё ў найлепшых традыцыях — чырвоная дарожка каля ўвахода ў кінатэатр, фотасесіі з зоркамі кіно, яркая цырымонія, а напрыканцы — паказ фільма-адкрыцця — сёлета гэта сумесная беларуска-расійская карціна «Бацька Мінай. Партызанская легенда» рэжысёра Ігара Угольнікава.
Госці, члены журы дзяліліся сваімі ўражаннямі і выказвалі чаканні ад сёлетняга кінафоруму. Кінарэжысёр, народны артыст Расіі Мікалай БУРЛЯЕЎ, які ўзначальвае Міжнародны Славянскі форум мастацтваў «Залаты Віцязь», назваў «Лістапад» асаблівай падзеяй:
— Мінскі міжнародны кінафестываль закладвае асновы, якія і павінны быць у мастацтве. На жаль, сыходзіць сапраўднае прадвызначэнне кіно... Ва ўсім свеце не гавораць з экрана аб найвышэйшых якасцях быцця, амаль забыліся пра Бога... Аднак культура не павінна быць рыначнай. Гэта справа дзяржаўная! Рады, што «Лістапад» вылучае якраз тое, што ён нясе спрадвечныя каштоўнасці.
Старшыня журы Нацыянальнага конкурсу Мінскага міжнароднага кінафестывалю Асоль МАЛДАКМАТАВА (Кыргызстан) акцэнтавала ўвагу на тым, што рэдка дзе ў свеце маштабныя кінафестывалі праводзяцца пад эгідай кіраўніка дзяржавы, а «Лістапад» менавіта такі:
— Наш фестываль, а я сапраўды лічу яго сваім, ведаюць далёка за межамі Беларусі, нават у Галівудзе. Ён выконвае вельмі важную місію — дае пуцёўку ў жыццё «дзецям» — тым, хто заўтра рэалізуе сябе на вядомых буйных кінафорумах. Аднак усе яны будуць помніць: «Лістапад» — магутная платформа, якая і дала ім творчы імпульс для далейшага развіцця. Ужо на працягу больш як трыццаці гадоў Мінскі міжнародны кінафестываль — гэта важны дыялог аб міры на мове кінамастацтва, што асабліва актуальна сёння.
Старшыня журы асноўнага конкурсу неігравых фільмаў, кінарэжысёр Пань ЧЖЫЦЫ (Кітай), які ўжо станавіўся лаўрэатам Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», узрадаваны магчымасцю зноў быць тут. І не толькі таму, што летась яго фільм быў высока ацэнены:
— У кітайскай культуры слова «лістапад» гучыць вельмі прыгожа, і гэты сезон лічыцца спрыяльным часам для збору ўраджаю. Хочацца спадзявацца, што Мінскі міжнародны кінафестываль таксама сёлета прынясе многа карысці.