Top.Mail.Ru

У кінатэатры «Піянер» далі старт «Лістападзіку-2025»

1 лістапада ў сталічным кінатэатры «Піянер» прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця конкурса для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». Сёлета ў конкурсную праграму адабралі 6 фільмаў з 5 краін свету, сярод якіх Расія, Мексіка, Чарнагорыя, Кітай і Іран. Усе кінаработы сугучныя сёлетняму дэвізу кінафорума «Гісторыя, якая змяняе погляд» і пяць з шасці кінастужак з’яўляюцца намінантамі розных конкурсаў і фестываляў. 



— Сёння мы сабраліся тут з нагоды адкрыцця конкурса фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». І хочацца адзначыць, што гэта не проста конкурс фільмаў, а сапраўднае свята для самых важных і патрабавальных, самых спакушаных і шчырых — для юных гледачоў, — адзначыла са сцэны кансультант аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Радміла Зайцава. — Гэты кінафорум стаў традыцыйным і папулярным не толькі ў нашай краіне па адной прычыне: ён дапамагае прывіваць падрастаючаму пакаленню вечныя каштоўнасці, адкрываць новыя таямніцы ўласнай душы і падымае такія важныя тэмы як сяброўства, любоў да Радзімы і да сваіх бліжніх. Хочацца падзякаваць усім стваральнікам фільмаў, якія вы ўбачыце сёлета на «Лістападзіку», бо кожны з іх адлюстроўвае ў творчай форме кінематографа сапраўды важныя і актуальныя тэмы. 

Заснавальнікамі конкурса «Лістападзік» выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкам, а арганізатарам з’яўляецца Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». 


Фільмам адкрыцця «Лістападзіка» стала кінастужка «Слёзы цмока» расійскага рэжысёра Таццяны Мірошнік. Яшчэ да пачатку сеансу ў фае кінатэатра юныя гледачы і іх бацькі маглі адчуць непаўторную атмасферу, бо тут іх сустракала на чырвонай дарожцы Кіношка, запрашала далучыцца да таямнічых рытуалаў Шаманка, а таксама вабілі зрабіць фотаздымак на памяць хаскі. А ўжо на самой цырымоніі адкрыцця настрой гледачоў падтрымлівалі этна-балет, музыкант-шаман Аляксандр Зубко, спявак Тэа і іншыя артысты. 

Чароўная вандроўка ў свет сёлетняга «Лістападзіка» распачалася са знаёмства з журы. Конкурсныя фільмы будуць ацэньвацца адразу трыма складамі журы: прафесіянальным дарослым, дзіцячым, а таксама самімі гледачамі, якія прыйдуць на прагляд адной з шасці кінастужак. Дарэчы, пасля кінасеансу ў кожнага ёсць магчымасць аддаць свой голас за ўпадабаную кінаработу і, магчыма, вырашыць, хто пераможа ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый». 

Але вернемся да фільма адкрыцця. «Слёзы цмока» — дораць гледачам непаўторнае падарожжа, дзе аб’ядналіся ў адной гісторыі мультыплікацыя і гульнявое кіно, каларытныя героі і цікавыя павароты сюжэту.

— Фільм «Слёзы цмока» зняты па матывах бурацкіх казак і легенд. Падчас прагляду гледачы акунаюцца ў атмасферу сонечнай Бураціі, а таксама ўбачаць кінагісторыю аб паходжанні самага глыбокага возера Байкал, — падзялілася рэжысёр і сцэнарыст кінастужкі Таццяна Мірошнік. — Аднойчы я прыехала туды здымаць дакументальнае кіно, а калі ўбачыла, якая там прырода, якія жывуць цікавыя людзі і якія ў іх традыцыі, то задумалася, чаму пра ўсё гэта не здымаюць фільмаў-казак. Так з’явілася ідэя зрабіць наша кіно з сэнсам. Як мы кажам, наш фільм не толькі пра самае глыбокае возера Байкал, але і пра самае глыбокае пачуццё — каханне. 

Праект аб’яднаў шмат сапраўды таленавітых і неабыякавых людзей, як на стадыі напісання сцэнарыя, увасаблення гісторыі ў кадры, так і ў моманце музычнага аздаблення кінастужкі. Напрыклад, кампазітарам «Слёз цмока» выступіў невідушчы, але таленавіты Лідуб Ачыраў. Ён, як заўважае рэжысёр, напісаў кожную са шматлікіх мелодый душой, хоць і не бачыў карцінкі. І гледачы падчас знаёмства з кінаработай, думаю, таксама многае змаглі адчуць душой. Бо ў фільме ёсць не толькі прыгожая карцінка, але і ўдала падабраны акцёрскі склад, трапная работа аператара, што дазваляе адчуваць як сюжэт гісторыі, так і яе пасылы пра пераемнасць пакаленняў, пра любоў да роднага краю, пра зараджэнне першага пачуцця і сапраўдную вернасць, найперш самому сабе і сваім ідэалам.


— Гэты фільм мы выбралі для адкрыцця найперш таму, што ён быў адным з першых, які нас вельмі зачапіў. Ён глыбокі, але ў той жа час паказвае гісторыі народаў, на якія вельмі даўно ў кінематографе не звярталі ўвагі. Мы ведаем індыйскія фільмы, кітайскія, а цяпер у нас з’явілася і знакавая бурацкая казка. І гэта вельмі каштоўна, — адзначыла пасля паказу праграмны дырэктар конкурса фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» Кацярына Тамковіч -Латуто. — У фільме трансліруюцца каштоўнасці, якія па-за часам і блізкія ў любой кропцы свету. І гэта тыя каштоўнасці, той погляд на глыбіню народнай памяці, якія блізкія і нашаму гледачу.

Дзве гадзіны за праглядам фільма мінаюць ледзь не як адно імгненне. І застаецца святло і вір думак пра тое, што па-сапраўднаму важнае і каштоўнае для кожнага з нас — пра жыццё і яго ўнікальную непаўторнасць.

Мяркуем, не менш цікавымі будуць і наступныя сустрэчы на «Лістападзіку». Вы, напэўна, яшчэ можаце паспець на прагляд фільмаў «Краіна мрояў», «Планета 7693», «Супер Ван Ван», «Легенда пра Залатога Скіфа», «Бем і я». Таму што кожнае спатканне з кіно на вялікім экране — гэта сапраўдная магія, якая, калі счытаць яе сэрцам, можа змяніць вас да лепшага. 

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю