Яго вышыня — 625 метраў!
Для руху транспарту адкрылася адно з самых амбіцыйных інжынерных збудаванняў сучаснасці — самы высокі ў свеце мост праз Вялікі каньён Хуацзян, які знаходзіцца ў горнай правінцыі Гуйчжоу на паўднёвым захадзе Кітая, перадае «Сіньхуа».
Адлегласць ад праезнай часткі да паверхні ракі Бэйпаньцзян, якая працякае пад ёй, складае 625 метраў. Гэта на 287 метраў вышэй за папярэдняга рэкардсмена — віядука Міё ў Францыі, і параўнальна з вышынёй шанхайскай тэлевежы. Мост уяўляе сабой падвесную канструкцыю са сталёвымі бэлькамі каласальнай вагі — каля 22 тысяч тон, што эквівалентна масе дзвюх Эйфелевых веж.
Яго агульная працягласць — 2890 метраў, а даўжыня цэнтральнага пралёта паміж апорамі дасягае 1420 м, што таксама з’яўляецца рэкордам для мастоў, пабудаваных у горнай мясцовасці. Будаўніцтва гіганцкага моста Хуацзян Гранд-Каньён, цалкам спраектаванага і ўзведзенага сіламі кітайцаў, заняло тры гады і абышлося ў 2,1 мільярда юаняў (каля $290 млн).
Галоўнай практычнай задачай праекта было злучэнне берагоў глыбокай цясніны Хуацзян. Дзякуючы новаму мосту час пераправы праз каньён скароціцца з ранейшых паўтары-дзвюх гадзін да некалькіх хвілін, а паездкі паміж гарадамі Лючжы і Сіфэн зараз будуць займаць не больш за гадзіну замест ранейшых пяці.
На гэты рэгіён ужо зараз прыпадае амаль палова з сотні самых высокіх мастоў планеты. Адкрыццё моста Хуацзян Гранд-Каньён азначае сабой новы важны этап у развіцці транспартнай інфраструктуры цяжкадаступных раёнаў Кітая.