Top.Mail.Ru

У Кітаі адзначаецца рост нараджальнасці

У мінулым годзе ў Кітаі нарадзіліся 9,54 мільёна дзяцей, што на 520 тыс. больш, чым у 2023-м. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным статыстычным упраўленнем (ДСУ) КНР, перадае «Сіньхуа».


Па звестках ДСУ, узровень нараджальнасці ў 2024 годзе дасягнуў 6,77 на 1000 чалавек, што адлюстроўвае павелічэнне на 0,38 на тысячу ў параўнанні з годам раней. Такім чынам, летась у краіне ўпершыню быў зафіксаваны рост колькасці немаўлят і ўзроўню нараджальнасці пасля сямі гадоў зніжэння.

Намеснік старшыні Кітайскай асацыяцыі народанасельніцтва і прафесар Універсітэта Нанькай Юань Сінь звязаў гэты рост з рэзкім павелічэннем колькасці шлюбаў пасля пандэміі COVID-19, годам Дракона і мерамі падтрымкі нараджальнасці ў Кітаі.

Год Дракона па кітайскім задыяку, які традыцыйна характарызуецца бумам нараджальнасці ў Кітаі, падыходзіць да канца. У кітайскай культуры дракон (па-кітайску «лун») з’яўляецца сімвалам поспеху і лічыцца самым спрыяльным з 12 жывёл кітайскага гараскопа.

У мінулым годзе каля 11,94 мільёна кітайцаў упершыню ўзялі шлюб, што на 13,5 працэнта больш у гадавым вылічэнні. Гэты паказчык упершыню вырас з 2014 года. Аналітыкі звязваюць рост колькасці шлюбаў з тым фактам, што некаторыя кітайскія пары адклалі раней запланаваныя вяселлі з-за пандэміі COVID-19.

«Паколькі большасць кітайцаў па-ранейшаму прытрымліваюцца традыцыі браць шлюб да нараджэння дзяцей, чакаецца, што рост колькасці шлюбаў прывядзе да павелічэння нараджальнасці на працягу 1-2 гадоў, — адзначыў Юань Сінь. — Больш за тое, нашы меры падтрымкі нараджальнасці пачынаюць прыносіць вынікі».

У 2013 годзе сямейным парам у Кітаі было дазволена мець другое дзіця, калі адзін з бацькоў з’яўляецца адзіным дзіцем у сям’і, а ў 2016 годзе палітыка «аднаго дзіцяці», якая доўжылася некалькі дзесяцігоддзяў, была поўнасцю адменена, і мець двух дзяцей могуць дазволіць сабе любыя пары. У 2021 годзе ў Кітаі аб’явілі аб падтрымцы сем’яў, якія жадаюць мець трэцяе дзіця.

Пасля цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады прынялі шэраг мер падтрымкі для стварэння грамадства, больш спрыяльнага для нараджэння дзяцей. Гэтыя меры ўключалі пашырэнне сістэм догляду дзяцей і ўзмацненне падтрымкі ў галіне адукацыі, жылля і занятасці.

Тым часам стала вядома, што колькасць насельніцтва ў кантынентальнай частцы Кітая па стане на канец 2024 года дасягнула 1,408 млрд. чалавек, што на 1,39 млн. чалавек менш, чым у канцы 2023-га.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю