Кітайскі выязны турызм дэманструе ўпэўненае аднаўленне, набліжаючыся да паказчыкаў 2019 года. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца бязвізавыя краіны для грамадзян КНР і краіны-ўдзельніцы ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Тайланд, Сінгапур і Малайзія, якія са снежня 2023 года пачалі прапаноўваць бязвізавы рэжым для грамадзян Кітая, сталі галоўнымі напрамкамі выязнога турызму. Па даных Міністэрства турызму і спорту Тайланда, са студзеня па снежань 2024 года краіну наведалі 6,21 млн. кітайскіх турыстаў, што зрабіла КНР найбуйнейшай краінай-крыніцай турыстаў. У Сінгапуры за першае паўгоддзе колькасць кітайскіх турыстаў дасягнула 1,45 млн. чалавек, а Малайзія за першыя дзевяць месяцаў прыняла больш за 2,5 млн. гасцей з Кітая, што перавышае паказчык за аналагічны перыяд 2019 года.
Кіраўнік Нацыянальнай турыстычнай арганізацыі Сербіі Марыя Лабовіч заявіла, што за перыяд са студзеня па верасень колькасць кітайскіх турыстаў, якія наведалі Сербію, павялічылася на 71 працэнт у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Асаблівую цікавасць выклікаюць краіны-ўдзельніцы ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Прадстаўнік тураператара U-tour паведаміў, што такія краіны, як Казахстан, Узбекістан, ПАР, Егіпет, Кенія, Танзанія і Зімбабвэ, актыўна развіваюць турыстычныя паслугі для кітайскіх падарожнікаў, каб прыцягнуць больш гасцей з КНР.
Па даных турыстычнай платформы Mafengwo, Цэнтральная Азія імкліва набірае папулярнасць сярод маладога пакалення турыстаў. Серыял «Мой Алтай» не толькі выклікаў усплёск цікавасці да падарожжаў у Сіньцзян, але і прыцягнуў увагу да суседняга Казахстана, дзе турысты знаходзяць тыя ж велічныя горныя краявіды. Узбекістан, вядомы сваёй багатай культурнай спадчынай, таксама становіцца ўсё больш запатрабаваным напрамкам. Пасля адмены віз паміж Кітаем і Узбекістанам у снежні цікавасць да падарожжаў у гэтую краіну вырасла на 97 працэнтаў.
Кітайскія турысты сталі больш патрабавальнымі да якасці падарожжаў. Дай Бінь, дырэктар Кітайскай акадэміі турызму, адзначыў, што ўсё больш кітайскіх турыстаў гатовы плаціць за якаснае размяшчэнне, гастранамічныя ўражанні і культурныя мерапрыемствы.
Па словах прадстаўніка турагенцтва China Youth Travel Service, звычкі кітайскіх турыстаў, якія выязджаюць за мяжу, змяніліся. Яны аддаюць перавагу індывідуальнаму падыходу і глыбокаму пранікненню ў мясцовую культуру. Папулярнасцю карыстаюцца ўнікальныя віды транспарту, у тым ліку цягнікі, паромы і паветраныя шары, а таксама кулінарныя майстар-класы і наведванне мясцовых сем’яў, адзначыў супрацоўнік U-tour.