Цягам першага паўгоддзя продажы цацак на аснове штучнага інтэлекту ў Кітаі выраслі ў шэсць разоў у параўнанні з папярэднім перыядам, а гадавы рост перавысіў 200 %. Аб гэтым сведчаць даныя платформы электроннай камерцыі JD.com, паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Плюшавае кацяня, якое размаўляе, разумны глобус, які распавядае аб культуры розных краін, або маленькі робат з доўгай рукой, які ўмее гуляць у шахматы і вэйці, — усё гэта ШІ-цацкі, якія імкліва заваёўваюць рынак.
Асноўная аўдыторыя ШІ-цацак — дзеці. Жыхарка Пекіна расказала, што купіла дзіцяці робата-сабаку, які спявае песенькі і адказвае на пытанні. Дзіця ў захапленні. Аднойчы малы спытаў у цацкі, чаму на небе так шмат зорак, і тая адразу дала зразумелае тлумачэнне.
Кампанія FoloToy з Шанхая распрацавала цацкі для дзяцей ад 3 да 12 гадоў са спецыяльнай мадэллю разумення дзіцячай гаворкі. Сузаснавальнік кампаніі Го Сінхуа адзначае, што ШІ-цацкі адаптуюцца да ўзросту дзіцяці, яго пазнавальных здольнасцяў і эмацыянальнага стану, карэктуючы змест і тэмп навучання.
ШІ-цацка, выпушчаная кампаніяй Haivivi з Шэньчжэня (правінцыя Гуандун), здольная распазнаваць эмоцыі дзяцей. Калі дзіця засмучанае, яна суцешыць яго і дасць парады па зносінах. ШІ-цацкі ўсё часцей купляюць і дарослыя. Плюшавы пампон Fuzozo ад шанхайскай кампаніі Robopoet стаў хітом сярод пакалення Z. Ён распазнае эмоцыі ўладальніка па голасе і жэстах, дапамагае спраўляцца з адзінотай і нават спрыяе завязванню сяброўства. FoloToy стварыла спецыяльны прадукт для пажылых людзей, які запісвае іх успаміны і стварае ілюстраваныя мемуары.
Рост папулярнасці цацак на аснове ШІ адкрывае новыя магчымасці для індустрыі. Правінцыя Гуандун — адзін з найбуйнейшых вытворцаў цацак у Кітаі. У мінулым годзе аб’ём выручкі буйных прадпрыемстваў цацачнай галіны Гуандуна склаў 76,6 млрд юаняў. Эксперты прагназуюць, што ШІ-цацкі могуць дадаць больш за 100 млрд юаняў да галіновай выручкі, давёўшы агульны аб’ём да 300 млрд юаняў. Мясцовыя ўлады ўжо плануюць стварыць прамысловыя кластары ШІ-цацак у гарадах Дунгуань і Шаньтоу.