Кітай — найбуйнейшы ў свеце вытворца і спажывец кавуноў. Штогадовы аб’ём вытворчасці складае каля 60 мільёнаў тон і, па даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, гэта прыкладна 60% сусветнага ўраджаю, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Але як краіне ўдаецца забяспечваць бесперабойныя пастаўкі гэтага пераважна летняга ласунку на працягу ўсяго года? Сакрэт крыецца ў вялізнай тэрыторыі краіны з разнастайным кліматам, у прымяненні сучасных агратэхналогій і селекцыі прыдатных сартоў, паведамляе Сюй Юн, навуковы супрацоўнік Інстытута агародніцтва Акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі Пекіна.
Кітайская кавуновая вытворчасць засяроджана ў пяці буйных рэгіёнах: паўднёвыя правінцыі забяспечваюць рынак зімой, басейн ракі Янцзы і рэгіён Хуанхуайхай даюць ранні ўраджай вясной, паўночна-заходнія рэгіёны падаўжаюць сезон познімі зборамі, а адкрытыя палеткі на паўночным захадзе і паўночным усходзе краіны забяспечваюць пастаўкі летам і восенню.
Важную ролю адыграюць перадавыя агратэхналогіі. На плантацыях вострава Хайнань (Паўднёвы Кітай), аднаго з галоўных зімовых вытворчых цэнтраў, узведзены цяпліцы, якія абараняюць расліны ад ветру і залішняй вільгаці. Сістэмы кропельнага арашэння і мікракліматычнага маніторынгу ствараюць ідэальныя ўмовы для росту. Некаторыя гаспадаркі пашыраюць плошчы і паспяваюць распрадаваць ураджай яшчэ да яго збору.
Асобнай увагі заслугоўваюць дасягненні кітайскай селекцыі. Айчынныя сарты займаюць больш за 98% рынку. Яшчэ ў 2012 годзе каманда пад кіраўніцтвам Сюй Юна ўпершыню ў свеце склала поўную генетычную карту кавуна, што дазволіла выявіць гены ўстойлівасці да хвароб і разабрацца ў генетычных механізмах, якія адказваюць за салодкасць, памер і форму ягады.
Сёння кітайскія кавуны класіфікуюцца па тэрмінах паспявання, памеры і колеры мякаці — чырвонай, жоўтай, аранжавай і нават шматколернай. Вялікім попытам пачынаюць карыстацца «вясёлкавыя кавуны» з чырвона-жоўтай мякаццю, багатай бэта-карацінам.
Як адзначыў Сюй Юн, будучыня галіны — за высакаякаснымі кавунамі сярэдняга і малога памеру з разнастайнай афарбоўкай мякаці. Менавіта гэты кірунак стане прыярытэтным у селекцыйных праграмах найбліжэйшых гадоў.