У Кітаі шматразовыя кубкі для кавы паступова перастаюць быць толькі спосабам зэканоміць і становяцца часткай экалагічнага ладу жыцця. Многія кававыя сеткі прапануюць зніжку 2-8 юаняў тым, хто прыходзіць са сваім посудам. Але галоўны эфект— экалагічны: кожнае выкарыстанне дазваляе скараціць выкіды CO₂ прыкладна на 40 грамаў, а за год гэта эквівалентна пасадцы аднаго дрэва, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
У гарадах-мільённіках, асабліва ў Шанхаі, такая практыка стала трэндам сярод моладзі. У сацсетках карыстальнікі дзеляцца фатаграфіямі сваіх кубкаў і «зялёнымі» чэкамі. Гэтая практыка ўжо выйшла за рамкі кавярняў: да яе далучаюцца сеткі хуткага харчавання і кандытарскія, а таксама ўсё больш людзей адмаўляюцца ад пластыкавых пакетаў і аднаразовых сталовых прыбораў.
Па даных анлайн-платформаў, ужо больш за 17 тысяч устаноў па ўсім Кітаі падтрымліваюць акцыю для наведвальнікаў, якія прыходзяць са сваім кубкам. Пры гэтым больш за 2200 з іх знаходзяцца ў Шанхаі — гэта больш, чым у любым іншым горадзе краіны. Пры гэтым кафэ і рэстараны пераходзяць на керамічны посуд для абслугоўвання гасцей у зале, удасканальваюць сістэмы раздзельнага збору і перапрацоўкі адходаў, а таксама скарачаюць выкарыстанне аднаразовага пакавання.
Штогод у свеце спажываецца каля 500 мільярдаў аднаразовых папяровых кубачкаў. Значная іх частка ў выніку трапляе ў навакольнае асяроддзе, дзе распадаецца на мікрапластык, ствараючы доўгатэрміновую пагрозу для вадаёмаў, глебы і здароўя чалавека. Вопыт Кітая паказвае, што шлях да экалагічнага ладу жыцця можа пачынацца з простай звычкі — прыходзіць па каву са сваім кубкам.
Мікалай ЛІТВІНАЎ