Кітайскі рынак электроннай камерцыі перажывае новую рэвалюцыю. Калі звычайная дастаўка тавараў займае адзін-два дні, то паслугі імгненнага рознічнага гандлю дазваляюць атрымаць заказ усяго за 20—30 хвілін, паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Найбуйнейшыя электронныя гандлёвыя пляцоўкі Кітая актыўна развіваюць паслугі імгненнай розніцы, заснаваныя на мадэлі «анлайн-заказ, лакальная пастаўка, хуткая дастаўка», каб задаволіць вялікі попыт спажыўцоў на зручнасць і хуткасць. Па прагнозах Інстытута міжнароднага гандлю і эканамічнага супрацоўніцтва пры Міністэрстве камерцыі КНР, да 2030 года аб’ём рынку імгненнай розніцы перавысіць 2 трлн юаняў.
Ключавым элементам сістэмы сталі размеркавальныя сховішчы — кампактныя гандлёвыя пункты, якія працуюць толькі анлайн, але здольныя захоўваць да 15 тысяч найменняў тавараў. Яны размяшчаюцца максімальна блізка да спажыўцоў і фарміруюць асартымент з улікам мясцовай спецыфікі: каля бальніц захоўваюць медыцынскія тавары, побач з турыстычнымі аб’ектамі — рыштунак для актыўнага адпачынку.
Па стане на другі квартал гэтага года інтэрнэт-кампанія Meituan стварыла па ўсім Кітаі больш за 50 тыс. такіх сховішчаў. Чакаецца, што да 2027-га іх колькасць дасягне 100 тыс. З пачатку бягучага года сетка сховішчаў сэрвісу Taobao Flash Shopping з хуткай дастаўкай таксама імкліва развіваецца: іх колькасць ужо перавысіла 50 тысяч, а аб’ём заказаў вырас больш як на 360 % у гадавым вылічэнні.
Платформы імгненнай розніцы аб’ядноўваюць не толькі ўласныя сховішчы, а і традыцыйныя крамы. Для афлайн-рытэйлераў гэта адкрывае доступ да маладой аўдыторыі, якая аддае перавагу анлайн-пакупцы. Да прыкладу, сетка супермаркетаў Shuntianfu у Пекіне адзначае значны рост заказаў пасля падключэння да платформы Taobao Flash Shopping: прыкметна павялічылася колькасць пакупнікоў пакаленняў 1990-х і 2000-х гадоў нараджэння.
Першапачаткова праз імгненную розніцу прадаваліся ў асноўным прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. Сёння асартымент уключае электроніку, касметыку, тавары для дзяцей і хатніх жывёл. Як адзначыў навуковы супрацоўнік даследчага інстытута Meituan Ван Кай, імгненны рознічны гандаль трансфармаваўся з канала экстранных пакупак у паўнавартасную частку паўсядзённага жыцця кітайскіх спажыўцоў.