Кветкавая індустрыя Кітая актыўна развіваецца, надаючы новы імпульс эканамічнаму росту, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
У апошнія гады многія рэгіёны краіны ствараюць кветкавыя вытворчыя цэнтры і ўдасканальваюць метады селекцыі. Гэта дала магчымасць Кітаю стаць найбуйнейшым вытворцам кветак у свеце.
У 2023 годзе аб’ём рознічнага рынку кветак у Кітаі склаў 216,5 млрд. юаняў. З гэтай сумы 98,6 млрд. юаняў прыпадала на традыцыйныя кветкавыя крамы, а 117,93 млрд юаняў — на анлайн-продаж.
Па звестках Кітайскай асацыяцыі кветкаводаў, краіна з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам свежых гваздзікаў і лілей, а таксама займае другое месца па вытворчасці руж і хрызантэм. Агульная плошча, адведзеная пад вырошчванне кветак, складае каля 1,5 мільёна гектараў, у галіне занята больш за 5 мільёнаў чалавек.
Адным з яркіх прыкладаў з’яўляецца вытворчасць фаленопсісу Афрадыты ў пасёлку Вангуаньцзі горада Суцянь (правінцыя Цзянсу, Усходні Кітай). Мясцовая агратэхналагічная кампанія «Гафэн» вырошчвае больш за 300 відаў гэтых кветак, вырабляючы штогод 60 млн. саджанцаў. У 2023 годзе аб’ём вытворчасці кампаніі склаў 320 млн. юаняў. Праект «Вялікі свет фаленопсісу Афрадыты», які рэалізуецца ў пасёлку, стварыў больш за 500 працоўных месцаў.
Кветкавы рынак Доўнань у горадзе Куньмін (правінцыя Юньнань, Паўднёва-Заходні Кітай) з’яўляецца самым маштабным у краіне. Кветкі адсюль пастаўляюцца не толькі па ўсім Кітаю, але і экспартуюцца ў больш як 50 краін свету. Па звестках мытнай службы КНР, у 2023 годзе аб’ём знешняга гандлю кветкамі склаў 710 млн дол. ЗША, з якіх экспарт — 438 млн. долараў у 119 краін, а імпарт — 272 млн. долараў з 57 краін.
Развіццё кветкавай індустрыі таксама садзейнічае росту сумежных галін. Многія гарады арганізуюць кветкавыя фестывалі і выставы, што садзейнічае развіццю турызму і культурных мерапрыемстваў. Напрыклад, Сусветная садоўніцкая выстава-2024 у Чэнду (правінцыя Сычуань, Паўднёва-Заходні Кітай) прыцягнула больш за 10 млн. наведвальнікаў і стымулявала рост мясцовай кветкавай індустрыі да больш чым 13 млрд. юаняў.