Top.Mail.Ru

У Кітаі пашыраюць выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі

У Кітаі прыняты план развіцця сектара аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) на перыяд рэалізацыі 15-га пяцігадовага плана краіны (2026-2030 гг.). Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным упраўленні па справах энергетыкі КНР, перадае «Сіньхуа».


Гэтае ведамства сумесна з Дзяржаўным камітэтам па справах развіцця і рэформ КНР сумесна апублікавалі план, у якім адзначаецца, што да 2030 года АКЭ-сектар Кітая ўступіць у новы этап развіцця, які характарызуецца пашырэннем маштабаў, павышэннем якасці і надзейнай заменай традыцыйных крыніц энергіі.

Згодна з планам, да 2030 года агульны аб’ём спажывання ў гэтым сектары, як чакаецца, дасягне прыкладна 1,8 млрд. тон умоўнага паліва па вугальным эквіваленце. Прагназуецца, што да 2030 года сукупная ўстаноўленая магутнасць аб’ектаў па вытворчасці электраэнергіі за кошт АКЭ дасягне каля 3,5 млрд. кВт, а гадавы аб’ём выпрацоўкі электраэнергіі складзе прыкладна 6 трлн. кілават-гадзін. Чакаецца, што сукупная ўстаноўленая магутнасць электрастанцый у сектарах ветраэнергетыкі і сонечнай энергетыкі перавысіць 2,8 млрд. кВт, а гадавы аб’ём выпрацоўкі электраэнергіі — 4 трлн. кілават-гадзін.

Пад аднаўляльнымі крыніцамі энергіі разумеецца энергія, якая можа бесперапынна папаўняцца і аднаўляцца за кошт натуральных працэсаў на працягу адносна кароткага перыяду часу. Да яе адносяцца энергія вады, ветру, сонца, а таксама энергія біямасы, геатэрмальная энергія і энергія акіяна. Пад новымі крыніцамі энергіі разумеюцца ўсе аднаўляльныя крыніцы энергіі, за выключэннем гідраэнергіі. 

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю