У Чжэцзянскім ўніверсітэце ў Ханчжоу (правінцыя Чжэцзян, Паўднёва-Усходні Кітай) прадэмастравалі рэактыўны лятаючы ранец, які быў распрацаваны камандай JetRob з даследчага інстытута Хучжоу, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Пад гул рухавікоў мужчына з «заплечнікам» за спінай раскінуў рукі, адштурхнуўся і ўзняўся амаль на два метры над зямлёй і стабільна завіс у паветры. Пасля ён павярнуўся, праляцеў наперад, зрабіў круг і плаўна прызямліўся.
Пілот — Цзяа Боцзін, інжынер па механічных сістэмах і выпрабавальных палётах каманды JetRob. Ён растлумачыў, што ранец прыводзіцца ў дзеянне пяццю рэактыўнымі рухавікамі: па два кіруюцца рукамі і адзін размешчаны на спіне. Паліўныя бакі знаходзяцца па баках.
Вага ранца складае 31 кг, з поўным бакам — 46 кг. Ён можа падтрымліваць палёт чалавека на працягу 3-5 хвілін на тэрыторыях, размешчаных да 1500 метраў над узроўнем мора. У такіх гарадах, як Ханчжоу, можна падняцца на вышыню больш за два метры. Тэарэтычная максімальная хуткасць дасягае 100 км/г.
Па словах Цзяа Боцзіна, распрацоўка заняла каля 4 гадоў, лётныя выпрабаванні — два гады. «Цяпер мы можам лётаць на ім дзе заўгодна і калі заўгодна», — заявіў інжынер. Для кіравання патрабуецца спецыяльнае навучанне. «Гэта як навучыцца ездзіць на веласіпедзе — патрэбны час і практыка», — тлумачыць ён. На пытанне аб рызыцы апёкаў ад выхлапу рухавікоў Цзяа адказаў, што пры правільным кіраванні гарачае паветра хутка выкідваецца, не прычыняючы шкоды пілоту.
Цяпер ранец прымяняецца ў аварыйна-выратавальных аперацыях і спецыяльных работах. У перспектыве прыладай змогуць кіраваць не толькі людзі пасля адпаведнай падрыхтоўкі, але і чалавекападобныя робаты для выканання небяспечных місій.