VELLINK стаў першым у Кітаі лічбавым цягніком метро з тэхналогіяй увасобленага штучнага інтэлекту. Ён створаны на базе кітайскай стандартнай тэхналагічнай платформы для метрапалітэна. У цягніку прымяняюцца архітэктура сумеснай работы воблачных, перыферыйных і канчатковых вылічальных сістэм, тэхналогіі кіравання з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, лічбавых двайнікоў, а таксама кантролю вугляродных выкідаў на працягу ўсяго жыццёвага цыкла. Гэтыя рашэнні закліканы павысіць узровень інтэлектуалізацыі і экалагічнасці цягніка.
VELLINK стаў першым у свеце цягніком, у якім прымяняецца тэхналогія ўвасобленага штучнага інтэлекту. «Дзякуючы комплекснай сетцы датчыкаў, уласным алгарытмам штучнага інтэлекту і тэхналогіям высакахуткаснай перадачы даных цягнік здольны інтэлектуальна ўспрымаць навакольнае асяроддзе, самастойна прымаць рашэнні і ўзаемадзейнічаць са знешнімі сістэмамі. Гэта дазваляе перайсці ад пасіўнага выканання каманд да праактыўнай аптымізацыі эксплуатацыі», — расказаў кіраўнік праекта цягніка Інь Хан.
Асобная ўвага пры распрацоўцы надавалася экалагічнасці і паніжэнню вугляродных выкідаў. У канструкцыі цягніка шырока прымяняюцца аблегчаныя матэрыялы, уключаючы вугляроднае валакно, магніева-алюмініевыя сплавы і полікарбанат, дзякуючы чаму яго маса была зніжана прыкладна на 18%. Выкарыстанне энергазберагальнага абсталявання, у тым ліку цягавай сістэмы на пастаянных магнітах і высокаэфектыўных пераўтваральнікаў на аснове карбіду крэмнію, дазваляе скараціць сукупнае энергаспажыванне больш як на 10%, а вугляродныя выкіды за ўвесь жыццёвы цыкл — прыкладна на 15%.
Акрамя таго, цягнік абсталяваны радарамі, камерамі высокага раздзялення і рознымі датчыкамі. Мультымадальная вялікая мадэль успрымання ў рэжыме рэальнага часу аналізуе абстаноўку на лініі і стан цягніка, дазваляючы загадзя ацэньваць змены ўмоў руху і тэхнічнага стану абсталявання. Дзякуючы сістэме сувязі паміж цягнікамі, бартавой платформе перыферыйных вылічэнняў і вялікай мадэлі штучнага інтэлекту «Чжолунь», самастойна распрацаванай карпарацыяй CRRC, цягнік здольны ў інтэлектуальным рэжыме фарміраваць аптымальную стратэгію руху.
Мікалай ЛІТВІНАЎ