Кітай запусціў пілотную праграму па ацэнцы этычных аспектаў і прадастаўленні паслуг у сферы штучнага інтэлекту (ШІ). Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве прамысловасці і інфарматызацыі КНР, перадае «Сіньхуа».
Пілотная праграма спачатку будзе рэалізоўвацца ў рэгіёнах правінцыйнага ўзроўню, дзе размешчаны дзяржаўныя пілотныя зоны інавацыйнага прымянення ШІ, з мэтай вывучэння практычных падыходаў да ўкаранення механізмаў этычнай экспертызы і прадастаўлення паслуг у гэтай сферы.
Такі крок звязаны з тым, што больш прыкметнымі становяцца рызыкі ў галіне маралі і этыкі ў сферы тэхналогій, у тым ліку дыскрымінацыя на аснове алгарытмаў і эмацыйная залежнасць, што падкрэслівае неабходнасць стварэння падобных механізмаў.
Ключавыя задачы згаданай праграмы ўключаюць дапрацоўку правіл экспертызы па навукова-тэхнічнай этыцы ў галіне ШІ на правінцыйным узроўні, садзейнічанне стварэнню камітэтаў па навукова-тэхнічнай этыцы, вывучэнне магчымасці стварэння цэнтраў экспертызы і абслугоўвання ў галіне этыкі, правядзенне практычных мерапрыемстваў па этычнай экспертызе ў сферы ШІ, пераўтварэнне практычнага вопыту экспертызы ў тэхнічныя стандарты, а таксама ўдасканаленне механізмаў справаздачнасці па выніках экспертызы.
У Міністэрстве прамысловасці і інфарматызацыі адзначылі неабходнасць стварэння нацыянальнай сеткі службаў маніторынгу этычных рызык у сферы ШІ, складання адпаведных навучальных матэрыялаў, правядзення рэгулярных курсаў па этыцы, а таксама прадастаўленні паслуг па маніторынгу этычных рызык і раннім папярэджанні для падтрымкі гарадоў, якія ўдзельнічаюць у пілотнай праграме.