Наперадзе — васьмідзённыя святы.
Сёлета ў перыяд васьмідзённых канікулаў з нагоды Дня ўтварэння КНР і свята Сярэдзіны восені, якія працягнуцца з 1 па 8 кастрычніка, у Кітаі чакаецца рэкордны рост цікавасці да падарожжаў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Прагназуецца, што ўнутраны турызм павялічыцца прыкладна на 30 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а выязны — больш як на 40 %. Турыстычныя кампаніі і анлайн-платформы адзначаюць значны рост браніравання ў святы.
Перавагі падарожнікаў кардынальна змяняюцца: ад простага агляду славутасцяў яны пераходзяць да атрымання паўнацэннага вопыту і ўражанняў.
Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца туры для назірання восеньскіх пейзажаў. У Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне (Паўночна-Заходні Кітай) турысты масава браніруюць гатэлі ў маляўнічых раёнах Канас, Хэму і Байхаба, каб максімальна атрымаць асалоду ад восеньскай прыгажосці. У аўтаномным раёне Унутраная Манголія (Паўночны Кітай) выбіраюць шматразовыя наведванні таполевых гаяў для назірання світанкаў і заходаў.
Даныя платформы Mafengwo паказваюць рост пошукавых запытаў па тэме «восеньскія краявіды» на 125 %. Вялікі Хінган (Дасін’аньлін) у Паўночна-Усходнім Кітаі стаў на 120 % прывабней для турыстаў, горад Паньцзінь у правінцыі Ляанін (Паўночна-Усходні Кітай) — на 113 %, а Бэньсі (правінцыя Ляанін) з яго «кітайскай кляновай дарогай» паказаў рост на 371 %. Актыўна развіваецца восеньскі пешы турызм: папулярнасць трэкінга ў гарах Цзіна, што ў правінцыі Юньнань (Паўднёва-Заходні Кітай), вырасла на 150 %.
Эмацыянальная каштоўнасць падарожжаў становіцца ключавым фактарам пры выбары напрамкаў. Пошукі гатэляў у Сіньцзяне, Сіцзане і Унутранай Манголіі выраслі на 60 %, прычым асноўную частку турыстаў складуць жыхары буйных гарадоў. Шырокія стэпы і ўнікальныя пейзажы ствараюць тэрапеўтычны эфект, задавальняючы запатрабаванне гарадскіх жыхароў у расслабленні і яднанні з прыродай.
Уязны турызм таксама дэманструе ўпэўнены рост. Асноўны паток замежных турыстаў чакаецца з Рэспублікі Карэя, Японіі, Тайланда, Малайзіі і Сінгапура. Рынак выязнога турызму паскорана аднаўляецца. Па словах прадстаўніка турыстычнай кампаніі Fliggy, браніраванні на міжнародныя паездкі ахопліваюць больш за 140 краін і рэгіёнаў, што значна перавышае паказчыкі мінулага года.