Ртутныя тэрмометры хутка сыдуць у гісторыю і стануць агульным успамінам для некалькіх пакаленняў кітайцаў. Згодна з апавяшчэннем Нацыянальнага ўпраўлення па кантролі за лекавымі сродкамі КНР, з 1 студзеня 2026 года ў Кітаі будзе поўнасцю забаронена вытворчасць тэрмометраў і танометраў, якія змяшчаюць ртуць, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Даныя паказваюць, што забарона на вытворчасць ртуцьзмяшчальных прадуктаў, такіх як тэрмометры і танометры, вынікае з патрабаванняў «Мінамацкай канвенцыі аб ртуці». Будучы адной са 128 дзяржаў, якія ратыфікавалі дадзеную Канвенцыю, Кітай, пачынаючы з моманту яе ўступлення ў сілу ў жніўні 2017 года, пачаў рэалізацыю паэтапнай стратэгіі па паступовым выключэнні з абароту прадукцыі, якая змяшчае ртуць.
Асноўная прычына гэтага заключаецца ў небяспецы, якую ўяўляе ртуць для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Ртуць — высокатаксічны метал. Яе ўздзеянне на навакольнае асяроддзе распаўсюджваецца на атмасферу, водныя рэсурсы і глебу, а таксама можа распаўсюджвацца па ўсім свеце праз экалагічны цыкл, пагражаючы здароўю чалавека.
Хоць у адным ртутным тэрмометры змяшчаецца ўсяго каля грама ртуці, калі яго разбіць, ртуць, якая выцекла, хутка выпараецца. У невялікім памяшканні гэта можа прывесці да імгненнага перавышэння канцэнтрацыі ртуці ў паветры амаль у 100 разоў, і нават пры праветрыванні спатрэбіцца шмат часу для аднаўлення нармальнага ўзроўню. Ртуць уяўляе сур’ёзную небяспеку для чалавека, бо яе пары могуць выклікаць вострае атручванне арганізма.
У наш час кошт электронных і інфрачырвоных тэрмометраў вышэй, чым ртутных. Акрамя таго, многія адзначаюць, што электронныя тэрмометры саступаюць ртутным у дакладнасці вымярэнняў. Гун Сіньчэнь, клінічны інжынер аддзела медыцынскага абсталявання Народнай бальніцы правінцыі Сычуань, паведаміў, што цяпер у паліклініках і палатах бальніц ртутныя танометры ў асноўным перасталі выкарыстоўваць, замяніўшы іх электроннымі. Аднак пры вымярэнні тэмпературы цела, апроч электронных тэрмометраў, усё яшчэ захоўваюцца ртутныя тэрмометры ў якасці эталона для вымярэнняў.
Ван Юнь, урач з Бальніцы таракальных захворванняў правінцыі Аньхой, падкрэсліў, што ў некаторых медыцынскіх сітуацыях, дзе важная высокая дакладнасць вымярэння тэмпературы, напрыклад, у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, у бліжэйшыя месяцы ўсё яшчэ могуць спатрэбіцца ртутныя тэрмометры. Аднак важна працягваць паляпшаць дакладнасць электронных тэрмометраў, каб яны поўнасцю адпавядалі клінічным патрабаванням.