У Кітаі, які ўваходзіць у лік краін з найбуйнымі запасамі літыя ў свеце, у правінцыі Хунань (Цэнтральны Кітай) выявілі звышбуйное радовішча літыевай руды з запасамі ў 490 мільёнаў тон. Аб гэтым паведамілі ў правінцыйным дэпартаменце прыродных рэсурсаў, перадае «Сіньхуа».
Па звестках ведамства, радовішча, выяўленае ў горнапрамысловым раёне Цзіцзяашань на тэрыторыі павета Ліньу, было класіфікавана як літыевае радовішча ў змененых гранітах, якое змяшчае каля 1,31 млн тон аксіду літыя. Яно таксама змяшчае іншыя мінеральныя элементы, такія як рубідый, вальфрам і волава.
Як расказалі ў Інстытуце мінералагічных пошукаў правінцыі Хунань, які праводзіў геолагаразведку, з улікам складаных геалагічных умоў адкрыццё радовішча стала магчымым дзякуючы прагрэсу ў тэхналогіях разведкі і шматгадовым разведачным работам. Прафесар інстытута Сюй Імін указаў, што адкрыццё літыевага радовішча стварае трывалую рэсурсную аснову для будаўніцтва ў гарадской акрузе Чэньчжоў правінцыі Хунань базы новых крыніц энергіі.
Як вядома, літый з’яўляецца выключна важным элементам з шырокім спектрам ужывання, у тым ліку ў электрамабілях, назапашвальніках энергіі і сістэмах мабільнай сувязі. Па даных Упраўлення геалагічнай разведкі пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў КНР, якія былі агучаны ў студзені, доля пацверджаных запасаў літыя ў КНР дасягнула 16,5 працэнта ад агульнасусветных, што вывела краіну на другое месца ў свеце па гэтым паказчыку. Цяпер, відавочна, сітуацыя можа змяніцца.