Сёння, калі шмат хто заяўляе пра крах папяровай кнігі, у Кітаі пашыраецца чытацкая ўвага менавіта да друкаваных, папяровых выданняў. Прафесар Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў, добры сябра Беларусі і перакладчык беларускай літаратуры на кітайскую мову Чжан Хуэйцінь каменціруе гэту тэму для чытачоў «Звязды»:
У спіс меркаваных бестселераў 2025 года на сённяшні дзень уваходзяць тры кнігі. Першая з іх — «Водгукі часу» Гуюэ Шэньдао. Пісьменніка можна па праве назваць наватарам у «душэўнай навуковай фантастыцы». Аўтар даследуе эмацыянальны выбар у паралельных сусветах, паказвае іх праз перапляценне квантавай фізікі і класічнай філасофіі. Апісанне ў кнізе тэхналогіі «Рэканструкцыі памяці» ўключае найноўшыя дасягненні нейранавукі. Другая кніга — «Люстэрка часу» Лінь Мо. Пісьменнік апавядае пра Цзянань, пра час, які ахоплівае тры перыяды ў развіцці Паднябеснай, — праўленне позняй дынастыі Цын, Кітайскую Народную Рэспубліку і сучаснасць. У кнізе судакранаюцца кэсы (ткацтва шаўковых габеленаў) і самыя перадавыя фізічныя канцэпцыі. Кнігу ўжо перакладаюць у розных краінах свету. І трэцяе выданне, якое ўразіла кітайскага чытача, — «Вясеннія і асеннія летапісы раслін і дрэў». У зборніку сабраны цікавыя нарысы па прыродазнаўстве, прысвечаныя 24 сонечным цыклам. Кніга багата ілюстравана каліграфічнымі ўвасабленнямі гэтых перыядаў. Наклад кнігі дасягнуў рэкордных 100 000 экзэмпляраў.
Мікола Берлеж