Лі Чжун заявіў, што Кітай будзе актыўна вырашаць праблемы, звязаныя з уплывам ШІ і іншых новых тэхналогій на рынак працы, садзейнічаючы развіццю тэхналогій у пазітыўным і дабратворным напрамку і забяспечваючы якасную занятасць.
Адаптацыя да змен, абумоўленых развіццём ШІ, становіцца ўсё больш важнай часткай палітыкі краіны ў сферы занятасці. У шэрагу афіцыйных дакументаў, апублікаваных у гэтым годзе, выкладзены меры па выкарыстанні тэхналагічных дасягненняў пры адначасовай падтрымцы занятасці.
У справаздачы аб рабоце ўрада, якая змяшчае план работы на 2026 год, дакладна ўказана неабходнасць удасканалення мер па садзейнічанні занятасці і прадпрымальніцтву за кошт лепшай адаптацыі да развіцця тэхналогій ШІ.
У разлічаным на 15-ю пяцігодку плане дзеянняў па рэалізацыі стратэгіі прыярытэту занятасці спецыяльна прадугледжана садзейнічанне працаўладкаванню ва ўмовах развіцця ШІ ў якасці адной з ключавых задач. У ім змяшчаецца заклік да стварэння працоўных месцаў за кошт прымянення ШІ і раскрыцця патэнцыялу занятасці ў традыцыйных галінах з выкарыстаннем адпаведных тэхналогій.
Штучны інтэлект ужо пераўтварае эканоміку Кітая і трансфармуе яго рынак працы, пры гэтым расце попыт на работнікаў, якія валодаюць спецыяльнымі тэхнічнымі навыкамі. Па даных Maimai, платформы для наладжвання дзелавых кантактаў і найму персаналу, са студзеня па ліпень колькасць новых вакансій, звязаных з ШІ, у сферы «новай эканомікі» на платформе ўзляцела на 789,47 працэнта ў гадавым вылічэнні. Анлайн-рэкрутынгавая платформа Zhaopin таксама паведаміла ў сваёй справаздачы, што асабліва высокім быў попыт на інжынераў у галіне ШІ, у тым ліку тых, якія працуюць у аўтамабілебудаванні і сферы інтэлектуальнага кіравання.
Маштабы ключавых галін у сферы ШІ ў Кітаі перавысілі 1,2 трлн юаняў, а колькасць адпаведных прадпрыемстваў склала больш за 6,2 тысячы. Узровень пранікнення ШІ ў ключавыя галіны ў цэлым перавышае 80 працэнтаў.
Акрамя штучнага інтэлекту, Кітай таксама імкнецца стварыць магчымасці для працаўладкавання праз развіццё галін і індустрыі, якія нараджаюцца. У перыяд 14-й пяцігодкі (2021-2025 гг.) у Кітаі з’явілася ў агульнай складанасці 72 новыя прафесіі, у тым ліку інструктары па штучным інтэлекце і менеджары па кіраванні выкідамі вугляроду, якія былі ўключаны ў афіцыйную сістэму класіфікацыі прафесій краіны. З пачатку 2026 года ў краіне з’явілася яшчэ 11 новых прафесій.
Чыноўнік Міністэрства людскіх рэсурсаў і сацыяльнага забеспячэння КНР У Лідо заявіў, што міністэрства створыць рэгулярны механізм збору і публікацыі інфармацыі аб новых прафесіях, надаючы пільную ўвагу такім новым галінам, як штучны інтэлект, лічбавая эканоміка, экалагічна чыстая і нізкавугляродная эканоміка, а таксама сучасныя паслугі.
Па словах У Лідо, у перыяд рэалізацыі плана 15-й пяцігодкі (2026-2030 гг.) міністэрства плануе распрацаваць або перагледзець больш за 200 нацыянальных прафесійных стандартаў. Нягледзячы на змены, выкліканыя тэхнічным прагрэсам, агульная сітуацыя з занятасцю ў Кітаі застаецца стабільнай.
Сёлета са студзеня па верасень у кітайскіх гарадах і пасёлках гарадскога тыпу было створана звыш 10,5 млн новых працоўных месцаў, што складае 87,7 працэнта ад гадавога плана. Сярэдні ўзровень беспрацоўя, паводле абследавання, у кітайскіх гарадах за першыя 8 месяцаў склаў 5,2 працэнта.
Мікалай ЛІТВІНАЎ