Міжнародны навуковы часопіс Nature апублікаваў сенсацыйныя вынікі работы групы навукоўцаў Паўночна-Заходняга ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Чжан Чжыфэя, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Даследчыкі выявілі на поўдні правінцыі Шэньсі ў старажытных пластах узростам каля 500 мільёнаў гадоў (кембрыйскі перыяд) закамянеласці мікраскапічных істот — мшанак, якія надзіва добра захаваліся. Да гэтага часу ў навукоўцаў не было дакладных пацвярджэнняў, што імшанкі існавалі ў раннім кембрыі. Выяўленыя мінералізаваныя шкілеты сталі доказам таго, што мшанкі — адны з найстаражытнейшых насельнікаў акіяна, і іх радавод цягнецца прынамсі на 50 мільёнаў гадоў далей, чым лічылася раней.
Чаму гэта важна? Кембрыйскі выбух — гэта момант у гісторыі Зямлі, калі амаль усе існуючыя сёння тыпы жывёл узніклі з неверагоднай хуткасцю. Мшанкі — важная частка сучасных марскіх экасістэм. З-за мікраскапічных памераў і складанасці ідэнтыфікацыі іх выкапняў у вучоных доўга не было пераканаўчых доказаў паходжання гэтай групы. І зараз навукоўцы ведаюць, што гэтыя істоты існавалі з самага пачатку «эвалюцыйнага Вялікага выбуху».