Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Аньхой пластык замяняюць бамбукам

У горадзе Чычжоу, што ў правінцыі Аньхой (Усходні Кітай), штогод вырабляецца 2 млрд бамбукавых саломінак, што дазваляе скараціць выкарыстанне пластыку на 6 тысяч тон, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».



У Чычжоу звычайныя аднаразовыя прадметы — саломінкі, палачкі для марожанага, сталовыя прыборы — вырабляюцца з бамбуку, замяняючы пластыкавыя аналагі. На прадпрыемстве ў высокатэхналагічным раёне горада аўтаматызаваныя лініі штодзень выпускаюць 5 млн бамбукавых саломінак. Гадавы аб’ём вытворчасці дасягае 2 млрд штук, якія экспартуюцца больш як у 40 краін свету. Дзякуючы гэтаму акрамя таго, што ўдаецца скараціць выкарыстанне пластыку, зніжаюцца выкіды вуглякіслага газу на 36 тыс. тон штогод.

«Бамбукавыя саломінкі не размакаюць, яны ўстойлівыя да пашкоджанняў і цалкам біяраскладальныя», — адзначыў кіраўнік прадпрыемства Інь Мінлян. Аднак шлях да масавай вытворчасці быў няпростым. Кампанія сутыкнулася з шэрагам тэхнічных і эканамічных праблем — з утварэннем цвілі, недастатковай тэрмаўстойлівасцю матэрыялаў і высокім сабекоштам прадукцыі. Толькі чацвёртая каманда даследчыкаў змагла вырашыць тэхнічныя задачы за тры гады работы. Прадукцыйнасць абсталявання вырасла да 2 тыс. саломінак у гадзіну, а кошт адной адзінкі практычна зраўняўся з коштам пластыкавых аналагаў.

Каля Чычжоу бамбукавыя лясы плошчай больш як 40 тысяч га. Гарадскія ўлады прынялі трохгадовы план развіцця праграмы замены пластыку бамбукам, што прывяло да стварэння поўнага вытворчага ланцужка ад першаснай да глыбокай перапрацоўкі. Сёння ў горадзе працуюць 89 прадпрыемстваў па перапрацоўцы бамбуку з гадавым аб’ёмам перапрацоўкі 900 тыс. тон сыравіны. Летась аб’ём вытворчасці дасягнуў 3 млрд юаняў, павялічыўшыся на 26 % у параўнанні з папярэднім годам. Бамбукавая індустрыя забяспечвае занятасць амаль 40 тыс. сем’яў, павялічваючы іх сярэдні гадавы даход больш як на 20 тыс. юаняў.

Прадукцыя з Чычжоу, уключаючы зубачысткі, палачкі для ежы і саломінкі, экспартуецца ў краіны Еўропы, Японію, Рэспубліку Карэя і Індыю. У 2023 годзе мясцовыя вытворцы прадставілі кітайскі досвед замены пластыку бамбукам на канферэнцыі ААН па змене клімату.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю