Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Хайнань поўнасцю забароняць продаж паліўных аўтамабіляў

У астраўной правінцыі Хайнань да 2030 года будзе паэтапна ўведзена поўная забарона на продаж аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. Такім чынам, Хайнань стаў першай кітайскай правінцыяй, якая ўстанавіла канкрэтны тэрмін забароны продажу паліўных аўтамабіляў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн.


Згодна з планам, да 2030 года ўсе новыя закупкі і замены аўтамабіляў для дзяржаўных службаў, грамадскага транспарту і асабістага карыстання павінны ажыццяўляцца толькі ў выглядзе аўто на новых або чыстых крыніцах энергіі, за выключэннем транспартных сродкаў спецыяльнага прызначэння. Чакаецца, што да гэтага часу доля аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі ў агульным парку правінцыі вырасце з 24 % да 45 %.

Для падтрымкі гэтых змяненняў улады захаваюць высокую шчыльнасць інфраструктуры для зарадкі і замены акумулятараў, суадносіны аўтамабіляў да зарадных прылад — не больш за 2,5 да 1. Таксама плануецца пілотнае ўкараненне цяжкіх грузавікоў і аўтарэфрыжэратараў на вадародных паліўных элементах.

Акрамя таго, Хайнань плануе пашырыць маштабы вытворчасці электрамабіляў і сфарміраваць паўнацэнную, замкнёную вытворчую экасістэму, якая ўключае ў сябе інтэлектуальную вытворчасць, тэхналогіі аўтаномнага ваджэння і перапрацоўку акумулятараў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю