Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Хэнань зеляніна стала асновай буйнога бізнесу

У правінцыі Хэнань (Цэнтральны Кітай) непрыкметная на першы погляд агародная трава цзінцзэ (шызанепета) — мясцовая разнавіднасць базіліку, рэзкая зеляніна — стала асновай буйнога бізнесу, які ахоплівае сельскую гаспадарку, харчовую прамысловасць, грамадскае харчаванне і турызм, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн». 


Цзінцзэ — распаўсюджаная на палях і агародах Хэнані зеляніна. Спалучаючы мятную свежасць з тонкім цытрынавым водарам, гэтая культура трывала ўкаранілася ў кулінарных традыцыях правінцыі.

У апошнія гады цзінцзэ ўсё часцей з’яўляецца на сталах мясцовых жыхароў. Гэтая зеляніна добра спалучаецца з іншымі прадуктамі, надаючы стравам свежы водар і новыя смакавыя адценні. Яе выкарыстоўваюць у самых розных стравах — ад халодных закусак да супоў, начынняў і блінцоў.

У павеце Фугоу, які называюць «агароднінным кошыкам Цэнтральнага Кітая», наладжана круглагодная вытворчасць: плошча пасеваў перавысіла 4300 му (звыш 286 га), а агульны збор — звыш 32,5 тысячы тон. Павет зарэгістраваў уласны таварны знак «Фугоўскі цзінцзэ» і арганізаваў стандартызаваны ланцужок ад селекцыі да збыту, пастаўляючы прадукцыю на найбуйнейшыя аптовыя рынкі Пекіна, Шанхая і Гуанчжоу.

Сёння цзінцзэ выходзіць далёка за межы абедзеннага стала, актыўна асвойваючы новыя рынкі. «Раней я лічыў цзінцзэ звычайнай зелянінай для закусак, а зараз гэта і сыравіна для папулярнага сярод моладзі чайна-травянага напою!» — кажа Лю Цзунфу з вёскі Лю горада Чжэнчжоў. Ён ужо падпісаў кантракт на пастаўку цзінцзэ чайнаму брэнду Juancha. Дзякуючы хуткаму паспяванню зеляніны — ураджай можна збіраць кожныя 20 з лішнім дзён, да сямі разоў у год — даходы фермера выраслі ў некалькі разоў.

Брэнд Juancha прадае па ўсёй краіне да 200 тысяч кубкаў цытрынавага чаю з цзінцзэ ў месяц. Кампанія таксама выпускае содавую, мармелад, бульбу фры, печыва і хлеб са смакам цзінцзэ.

У горадзе Пуян цзінцзэ спалучаюць з эфіопскімі кававымі зернямі, ствараючы незвычайны напой. Растваральная кава, атрыманая метадам халоднай экстракцыі і сублімацыйнай сушкі, бесперапынна сыходзіць з вытворчай лініі і паступае на рынак.

Не адстаюць і рэстаратары. Сетка «Ау — хуанхэскі карп» адкрыла ўласную плантацыю ў Сіньяне і ўвяла ў меню стравы з цзінцзэ — ад вострага супу хулатан да качкі па-кайфэнску.

Чжэнчжоўскі прадпрымальнік Лі Бінь зрабіў суп з клёцкамі з дабаўленнем цзінцзэ фірмовай стравай сваіх устаноў. Яго каманда не толькі вырошчвае гэтую зеляніну і распрацоўвае новыя рэцэпты, але і выпускае шырокую лінейку тавараў на яе аснове. Пры рэстаране ў Чжэнчжоў нават дзейнічае спецыяльны прэзентацыйны цэнтр, дзе прадстаўлены падліўка, масла, пірожныя, араматычны алей, марожанае і нават піца з цзінцзэ. Такім чынам, сціплая мясцовая расліна ператварылася з кулінарнага інгрэдыента ў арыгінальны гастранамічны сувенір.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю