Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Цынхай збіраюць першы ўраджай годжы

У горадзе Голмуд Хайсі-Мангола-Сіцзанскай аўтаномнай акругі правінцыі Цынхай (Паўночна-Заходні Кітай) збіраюць першы сёлетні ўраджай ягад годжы, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».



Плантацыі годжы размешчаны ў Цайдамскай катлавіне, дзе значная абсалютная вышыня, працяглы светлавы дзень і вялікія сутачныя перапады тэмператур спрыяюць назапашванню ў ягадах павышанага ўтрымання поліцукрыдаў і іншых пажыўных рэчываў.

Кусты не толькі стрымліваюць распаўсюджванне пяску і пылу, але і прыносяць даход прадпрыемствам, мясцовым фермерам і жывёлаводам.

Як расказаў намеснік гендырэктара аграрнай тэхналагічнай кампаніі «Кэньван» Лун Вэй, у пікавыя дні ў зборы ўраджаю на ферме Хэсі сельскагаспадарчай карпарацыі «Нункэнь» удзельнічаюць да 12 тысяч чалавек. Кваліфікаваны зборшчык за сезон можа зарабіць ад 8 да 12 тысяч юаняў.

Па словах Лун Вэя, у гэтым годзе кампанія разлічвае вырабіць 100 тон свежамарожаных ягад, для чаго спатрэбіцца закупіць 400 тон свежых пладоў. Прадукцыя ў асноўным пастаўляецца ў Гуанчжоу, Шанхай, Ханчжоу і Пекін.

Расце і збыт свежых ягад — сёлета кампанія плануе прадаць 1500 тон, выкарыстоўваючы папярэдняе астуджэнне на месцы збору і бесперапынны халадзільны ланцужок. Глыбокая перапрацоўка дазваляе максімальна раскрыць каштоўнасць сыравіны: карпарацыя «Нункэнь» ужо выпускае пюрэ з чырвоных і чорных ягад годжы, свежамарожаныя ягады, алей з насення і растваральны парашок. Вільгаць, якая выдаляецца пры сушцы, кандэнсуюць і выкарыстоўваюць для вытворчасці так званай «малекулярнай вады» годжы.

У 2025 годзе плошча пасадак годжы ў Голмудзе склала звыш 7 тысяч гектараў, а кошт прадукцыі — 885 млн юаняў. Сёлета плошча пасадак годжы ва ўсёй акрузе дасягне 30,3 тыс. га. Чакаецца, што ўраджай свежых ягад складзе 410 тысяч тон, а ў перыяд збору ўраджаю спатрэбіцца каля 80 тысяч сезонных работнікаў.

Мікалай Літвінаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю