Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Цзянсу імператарская курыльніца стала культавым сувенірам

Адрынутая імператарскім дваром і разбітая 500 гадоў таму, фарфоравая качка-курыльніца з Цзіндэчжэня (правінцыя Цзянсу, Усходні Кітай) набыла другое жыццё. Адноўлены артэфакт лёг у аснову папулярнага сувенірнага брэнда, продажы якога ўжо перавысілі 10 мільёнаў юаняў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».



У адной з вітрын Музея імператарскай печы ў Цзіндэчжэні прадстаўлены дзве фарфоравыя качкі, пакрытыя жоўтай, зялёнай і фіялетавай глазурай. Гэтыя вырабы былі створаны ў эпоху Мін (1368–1644 гг.) у якасці вытанчаных араматычных курыльніц: дым ад пахошчаў паднімаўся з ніжняга адсека і плаўна выходзіў праз дзюбу.

Аднак яны так і не трапілі ў імператарскі палац. З-за драбнюткіх дэфектаў іх забракавалі, разбілі і закапалі. Толькі ў 1980-х гадах археолагі знайшлі фрагменты на тэрыторыі руін імператарскай печы, а пасля карпатлівай рэстаўрацыі спецыялісты змаглі аднавіць першапачатковае аблічча гэтых унікальных фарфоравых вырабаў.

У 2024 годзе Музей імператарскай печы ў Цзіндэчжэні запусціў на аснове гэтага артэфакта культурны IP-брэнд «Суйсуя». Па словах Вэн Яньцзюня, дырэктара музея, галоўная ідэя брэнда — «адраджэнне з аскепкаў». Выява качкі перадае ідэю ўстойлівасці, самааднаўлення і спакойнага стаўлення да жыцця: нават прайшоўшы праз разбурэнне і забыццё, можна захаваць абаянне і дарыць людзям цеплыню.

У музеі выдзелена тэматычная зона: плюшавыя цацкі з фірмовымі «кветкавымі» вачыма, чахлы для тэлефонаў, палатняныя сумкі, блакноты, значкі. Вэн Яньцзюнь адзначыў, што дызайнеры не капіруюць экспанат літаральна, а пераасэнсоўваюць яго ключавыя візуальныя рысы — вока і апярэнне — пад сучасную эстэтыку, ператвараючы музейны артэфакт у паўсядзённую рэч.

Музей выдаў ліцэнзіі больш як на 30 катэгорый тавараў, выпусціўшы звыш 180 найменняў сувеніраў. Акрамя таго, брэнд выйшаў за рамкі сувенірнай прадукцыі і стаў часткай музейнай асветы. У 2025 годзе музей запусціў адукацыйную праграму «Забяры Суйсуя дадому», у рамках якой дзеці знаёмяцца з археалагічным паркам, спрабуюць сябе ў ролі юных археолагаў, лепяць фігуркі качак з гліны і распісваюць керамічныя загатоўкі. На гэты час музей правёў больш за 120 адукацыйных мерапрыемстваў па матывах «Суйсуя» і прыцягнуў звыш 15 тысяч удзельнікаў.

Акрамя «Суйсуя» ў Цзіндэчжэні з’явіліся і іншыя папулярныя IP на аснове археалагічных знаходак — «Маўклівы Буда» і серыя святых звяроў. Летась продажы керамічнай сувенірнай прадукцыі горада перавысілі 2 мільярдаў юаняў.

Мікалай Літвінаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю