Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Юньнань на дахах сушаць вясновы чай

На схілах гары Цзінмайшань у правінцыі Юньнань (Паўднёва-Заходні Кітай) сезон вясновага збору чаю. Дахі вясковых хат застаўлены бамбукавымі падносамі з сабраным чайным лісцем, якія ўтвараюць суцэльны зялёны дыван, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


Сушка чаю такім чынам — гэта не проста старадаўні звычай: дах забяспечвае лісту багацце сонечнага святла, а зазор паміж падносам і чарапіцай стварае натуральную вентыляцыю і абараняе ад глебавай вільгаці, захоўваючы непаўторны горны водар.

У 2023 годзе культурны ландшафт старажытных чайных лясоў гары Цзінмайшань быў уключаны ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, стаўшы першым у свеце чайным лесам, удастоеным такога статусу.

Больш за тысячу гадоў таму тут пасяліліся продкі народнасцяў булан і дай. Яны «прыручылі» дзікія чайныя дрэвы і распрацавалі ўнікальную тэхналогію вырошчвання чаю пад полагам лесу, пры якой расліны развіваюцца ў цені высокіх дрэў, утвараючы адзіную жывую экасістэму. Без выкарыстання хімічных угнаенняў і пестыцыдаў кожны ліст убірае ў сябе само дыханне старажытнага лесу.

Сёння плошча чайных угоддзяў перавышае 7,6 тысячы гектараў, з якіх звыш 1,8 тыс. гектараў — гэта старажытныя сады. Чакаецца, што сёлета ўраджай вясновага чаю складзе каля чатырох тысяч тон агульным коштам амаль 400 мільёнаў юаняў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю