Top.Mail.Ru

У кітайскай правінцыі Юньнань павялічваецца папуляцыя азіяцкіх сланоў

У правінцыі Юньнань на паўднёвым захадзе Кітая — адзіным рэгіёне гэтай краіны, дзе ў дзікай прыродзе жывуць азіяцкія сланы, — іх колькасць вырасла прыкладна са 150 асобін у 1980-х гадах да амаль 400 сёння, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».

Азіяцкі слон — найбуйнейшая наземная жывёла Азіі. У Кітаі ён знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай першай катэгорыі, а Міжнародны саюз аховы прыроды ўнёс яго ў Чырвоны спіс як від, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Па словах Чжоу Чэньхаа, кіраўніка аддзела маніторынгу Цэнтра аховы і кіравання азіяцкімі сланамі ў Сішуанбаньна-Дайскай аўтаномнай акрузе, калі раней сланоў даводзілася адсочваць уручную, то цяпер для гэтага выкарыстоўваюцца беспілотнікі — яны дазваляюць хутчэй сачыць за перамяшчэннем статкаў і забяспечваюць бяспеку назіральнікаў. Уздоўж межаў запаведнікаў і на «слановых сцежках» устаноўлены інфрачырвоныя камеры з дакладнасцю распазнання больш за 99%, а таксама прымяняюцца спадарожнікавыя ашыйнікі.

У лютым 2026 года ў раёне даліны дзікіх сланоў на працягу двух месяцаў фіксавалася адначасовае знаходжанне некалькіх слановых сем’яў — у агульнай складанасці там знаходзілася больш за 90 жывёл. Як тлумачыць дырэктар цэнтра Ван Бінь, такая колькасць абумоўлена багаццем вады і ежы, а таксама наяўнасцю саланцоў, дзе сланы папаўняюць запасы неабходных мінералаў.

Суіснаванне чалавека і слана патрабуе пастаяннай увагі. Мясцовым жыхарам на тэлефоны паступаюць папярэджанні аб набліжэнні дзікіх сланоў, паколькі іх выхады на сельгасугоддзі нярэдка прыводзяць да пашкоджання пасеваў і маёмасці. Сістэма інфрачырвоных камер звязана з вясковым радыёапавяшчэннем, а дадатковыя каналы сувязі — групы ў WeChat і тэлефонныя званкі — дазваляюць атрымліваць інфармацыю нават тым, хто не карыстаецца мабільнымі праграмамі.

Шкода, прычыненая сланамі, кампенсуецца праз страхавую сістэму. З 2010 года ў Юньнані дзейнічае праграма страхавання ад урону, нанесенага дзікімі жывёламі, а ў 2022 годзе кампенсацыі за пашкоджаныя пасевы рысу, кукурузы, цукровага трыснёгу і бананаў былі павышаны да ўзроўню, блізкага да рыначных цэн, што павялічыла выплаты больш як на 70%.

Дзякуючы гэтаму мясцовыя жыхары ўсё больш актыўна ўдзельнічаюць у абароне сланоў: прыбіраюць рэшткі ежы пасля іх праходу і адмаўляюцца ад выкарыстання петард, якія могуць напалохаць жывёл. Старшы ветэрынар даліны дзікіх сланоў Баа Мінвэй расказаў, што спецыялісты правялі ўжо больш як 30 выратавальных аперацый і распрацавалі сістэмную методыку дапамогі сланам з наступным вяртаннем жывёл у дзікую прыроду. 

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю